3 мая 1791 года была прынята Канстытуцыя Рэчы Паспалітай, якая стала першай не толькі ў краіне, але і ў Еўропе. У гонар гэтай падзеі ў рэзідэнцыі Лапацінскіх у Лявонпалі была пастаўлена калона, якая захавалася да гэтага часу. Помнік такога тыпу адзіны на Беларусі [1].
Ужо праз тры з паловай месяцы пасля прыняцця Канстытуцыі ўладальнік Лявонпаля Ян-Нікадэм Лапацінскі 22 жніўня 1791 года напісаў: "Задумаў я ўвекавечыць тут, на рубяжы Рэчы Паспалітай, на відавоку грознага ворага, вялікую справу Канстытуцыі 3 мая, у якой і мой невялікі ёсць удзел. Таму вырашыў вымураваць высокі слуп паводле майго малюнку, амаль на самым беразе Дзвіны, абы быў здалёку бачны нашым нешчаслівым братам за кардонам і мацаваў у іх сэрцы надзею" [2].
Вышыня пабудаванай калоны была 12 метраў. 18 жніўня 1791 года адбылося ўрачыстае асвячэнне гэтага помніка, у якім прынялі ўдзел Віленскі біскуп і вялікая колькасць як свецкага, так і законнага духавенства. Прысутнічала шматлікая шляхта, у тым ліку кашталян генерал Томаш Мірскі з братам Станіславам, Бяганьскія, Беліковічы, Свірскія, Пазёмкаўскія, Рудаміны і шмат іншых. Біскуп выступіў з пранікнёнай прамовай, якая выклікала ў слухачоў слёзы. На калоне была замацавана шыльда з надпісам-сведчаннем таго, у гонар якой падзеі пастаўлена калона [3].
Толькі ўжо праз восем месяцаў адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. Лявонпаль апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, а ўдзельнікі ўрачыстасці прынялі актыўны ўдзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі. Генерал Мірскі і Беліковіч сабралі атрад у трыста чалавек і прынялі ўдзел у баях. Томаш Ваўжэцкі быў пасля ранення Касцюшкі кіраўніком паўстання.
Нягледзячы на вайну 1812 года, грамадзянскую і Другую сусветную войны, на шматлікія артылерыйскія абстрэлы, калонна ацалела. Помнік стаіць паблізу рэчкі Каменкі ў наваколлі Лявонпаля. Першая рэстаўрацыя калоны адбылася 80 год таму, у 1936 годзе. Вось што апавядае аб гэтай падзеі карэспандэнт у ваяводскай газеце ад 19 верасня 1936 года: "За амаль паўтары стагоддзі ўстанаўлення калоны час значна яе пашкодзіў. Ад яе першапачатковага выгляду амаль нічога не засталося. На версе яе нават зрабілі гняздо буслы. Вось чаму на грамадскіх пачатках быў створаны камітэт па рэстаўрацыі помніка. Ён звярнуўся да вядомага віленскага скульптара Пятра Германовіча з просьбай аб рэстаўрацыі калоны. Германовіч ахвотна згадзіўся. Праца працягвалася да 16 верасня 1936 года. Скульптар на версе калоны размесціў легіённага арла велічынёй больш як метр. На капітэлі калоны ён размясціў выяву чатырох дзіцячых галовак – як сімвал жыццяздольнасці Рэчы Паспалітай. У хуткім часе адбудзецца ўрачыстае асвячэнне рэстаўраванай калоны.
Калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 г. (фота розных гадоў)
Падчас свайго побыту ў Лявонпалі Пятро Германовіч зрабіў яшчэ выяву бюста маршалка Юзэфа Пілсудскага. Гэтая праца выклікала вялікую цікавасць мясцовых уладаў, вайскоўцаў Корпусу аховы пагранічча і жыхароў мястэчка. Было вырашана ўстанавіць у Лявонпалі помнік аднаўляльніку польскай дзяржавы. Гміна выдзеліла для гэтага плошчу. Скульптар Пятро Германовіч адмовіўся ад ганарара і згадзіўся передаць свой твор дарма.
У хуткім часе на плошчы быў пабудаваны пастамент і ўстаноўлены бюст Пілсудскага. Мясцовы люд адразу атачыў яго сваёй апекай" [4].
У савецкія часы мясцовыя жыхары ўжо звязвалі помнік з падзеямі вайны з французамі. Калона, аброслая наўкол лесам і хмызняком, засталася знявечанай, але ацалела.
Упершыню пасля вайны помнік быў добраўпарадкаваны да міжнароднай канферэнцыі "Дзісенскія чытанні" ў чэрвені 1996 года. Быў спілаваны лес, які наступаў, высечаны хмызняк. Зрабілі і касметычны рамонт. Да калоны была прымацавана памятная шыльда, якую мастак Аляксандр Аніськовіч замяніў пасля на больш дакладную і сучасную.
Ушанавалі помнік Канстытуцыі ў Лявонпалі і падчас святкавання 1000-годдзя Лявонпаля ў 2000 годзе.
18 мая 2016 года на ўрачыстасць 225-годдзя прыняцця Канстытуцыі завітала вялікая група з 19 асобаў – войты, старшыні праўлення гмінаў, бургамістры некалькіх гарадоў Падляшскага ваявадства на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрадам Паўлікам.
Урачыстасць пачалася з малітвы ксяндза-пробашча Мёрскага касцёла Кшыштафа Мянкінэ. Касцельны хор Fiat спяваў польскія песні, прысвечаныя Канстытуцыі 3 мая. Пасол Конрад Паўлік звярнуўся да прысутных з прамовай, у якой распавёў пра значнасць гэтай падзеі не толькі для мінулага, але і для развіцця дэмакратыі ў наш час. Да калоны былі ўскладзены вянкі ад польскай дэлегацыі і ад раённага выканаўчага камітэта. Прысутныя разам праспявалі вядомы гімн "Рота" і іншыя патрыятычныя песні. На завяршэнне адбыліся гутаркі паміж прысутнымі і гасцямі-палякамі, якія ўручылі прысутным сувеніры. Польскі пасол падкрэсліў, што сродкі, неабходныя для рэстаўрацыі калоны, будуць выдзелены польскім бокам.
Паданне аб калоне ў Лявонпалi
Мясцовыя жыхары – прыгонныя паноў Лапацінскіх, напэўна, не ведалі сапраўднай прычыны ўзвядзення калоны. І таму хутка яе сталі атаясамліваць з падзеямі вайны 1812 года, а пазней пра яе ўзніклі і мясцовыя легенды. Найбольш вядомая з іх – аб чалавеку, замураваным ў цагляным слупе. Вось яе змест.
У Грудзінаве жыў малады каваль Васіль. Нягледзячы на малады ўзрост ён выдатна ведаў сваю справу, і таму паны Лапацінскія часта запрашалі яго ў свой маёнтак, каб выканаць найбольш складаную кавальскую працу. Тут маладому кавалю трапіла на вочы прыгажуня Ганна, якая працавала ў пані пакаёўкай. Паміж маладымі ўзнікла ўзаемнае каханне. Яны пачалі часта сустракацца. Хутка ўжо бацькі сталі рыхтавацца да вяселля, папярэдне пан даў згоду. Але калі даведалася пра гэта гаспадыня, яна пачала проста вар’яцець ад злосці. Не жадала радавацца чужому шчасцю, бо свайго не мела. Пачала нагаворваць пану, каб той не дазволіў маладым узяць шлюб. Але Лапацінскі быў разважлівы і не жадаў патураць жонцы. Аднак аднойчы, калі пан з’ехаў па неякіх справах у Варшаву, пані загадала слугам схапіць Васіля і жывым замураваць у каменным слупе. Калі даведалася аб гэтым Ганна, яна не вытрымала болю ад страты каханага і павесілася пад вакном пані. Бацькі Васіля і Ганны праклялі род Лапацінскіх.
Мясцовыя жыхары, калі ноччу падыходзілі да слупа і прыкладвалі да цэглы вуха, нібыта чулі стогн са словамі: «Вызваліце мяне адсюль, вызваліце мяне...»
[1] Дакументальных сведчанняў аб тым, што калона на могілках у Глыбокім узведзена менавіта ў гонар Канстытуцыі 3 мая, не знойдзена.
[2] Hedemann O. Historia powiatu brasławskiego. Wilno, 1930. S. 132–133.
[3] Ibidem.
[4] Restauracja wzniesionej w r. 1791 kolumny w pow. brasławskim // Kurjer Wileński. 1936. Nr. 318. 19 listopada. S. 8.
Команда американских дизайнеров, инженеров и ученых математически проанализировала глобальное культурное наследие для составления рейтинга известности....
В Беларуси не так много точек притяжения, которые могли бы заинтересовать самых разных туристов.
Рядом с въездным знаком Бобруйска появилась большая 3D-карта с указанием достопримечательностей. Размер полотнища — 18 на 6 метров. Ночью оно подсвечивается....