Алесь Дудар

1904 – 1937

Алесь Дудар (Аляксандр Аляксандравіч Дайлідовіч, 1904-1937) – паэт, безумоўна, гарадскі, менскі. Вёскі як мастацкай прасторы ў ягоных вершах і прозе – вобмаль, і заўсёды гэта – пейзаж, лес, поле, бор, а не вясковы быт альбо вясковая праблематыка. У Менску ён жыў з маленства – у 1914 годзе сям’я Аляксандра Станіслававіча і Вольгі Іванаўны Дайлідовічаў перабралася ў Менск і асела тут назаўсёды. Малы Шурка вучыўся ў прэстыжнай гарадской гімназіі Фальковіча-Зубакіна, потым, пасля пяці гадоў бежанства першай сусветнай вайны, удзельнічаў у працы вандроўнага тэатра Галубка, працаваў у сталічных газетах і часопісах, вучыўся ў БДУ – цалкам гарадское, менскае жыццё.

Алесь Дудар_ф.jpg

А нарадзіўся – у Навасёлках пад Петрыкавам, на беразе Прыпяці.

Навасёлкі былі часовым, мімалётным пунктам у жыцці Дайлідовічаў. Бацька паэта паходзіў з Барысаўшчыны, маці – са Случчыны (вёска Таль), частка радні па маці надзейна атабарылася ў Мар’інай Горцы. Адкуль узяліся палесскія Навасёлкі? Можна зрабіць толькі нейкія ўскосныя высновы. Напачатку ХХ стагоддзя пакрысе разгортвалася меліярацыя Палесся (так, гэта не бальшавіцкі праект), урад быў зацікаўлены ў сельскагаспадарчым засваенні новых, асушаных ужо, зямель і прапаноўваў сялянам выгодныя ўмовы арэнды: адтуль і столькі Навасёлак на Палессі, гэтыя вёскі ствараліся новымі арандатарамі пры спрыянні ўладаў. Магчыма, і маладая сям’я Дайлідовічаў, не маючы нічога свайго, пусцілася ў авантуру з новай зямлёй. Пабылі яны ў Навасёлках менш за год: на белым прыпяцкім пяску, з дзіцём на руках, без асаблівай ахвоты да сельскай гаспадаркі рабіць там не было чаго.

Таму ўжо у 1905 Дайлідовічы вяртаюцца ў Таль пад Любанню, у 1910 перабіраюцца ў Мар’іну Горку, а ў 1914 Аляксандр Станіслававіч атрымлівае месца ў менскай канторы Маскоўска-Брэсцкай чыгункі – вось і Менск.

Здавалася б, можна было б і забыцца Дудару на тыя выпадковыя ў ягоным лёсе Навасёлкі.

Але Гомельшчыну, Мазыршчыну, Палессе, Случчыну – усё гэта ён залічваў у “свае” мясціны, згадваючы ў вершах як сваё уласнае права на беларускую зямлю.

Алесь Дудар_887.jpg

Прыпяць, Скрыгалаўскі шлях і Скрыгалаўская пушча, што пачынаецца фактычна насупраць петрыкаўскіх Навасёлак на другім беразе ракі, сталі мастацкай прасторай ягонай апошняй нізкі вершаў “Палесскія ночы”, надрукаванай незадоўга да апошняга арышту ў 1936 годзе. І прастора гэтая далёкая ад хрэстаматыйнай рамантызацыі Палесся ў беларускай літаратуры.

Сорак тысяч чарцей і па ведзьме на рыла
Сорак тысяч святых, сорак тысяч папоў,
свечкі, прошчы, заломы, крыжы і кадзілы –
Гэта ўсё назаўсёды, на векі вякоў.
Поп і чорт на выжарынах водзяць бяседы,
Стражнік з ведзьмай па купінах скача кадрыль,
Воўкалак банкетуе з багатым суседам –
Гэта ночы палесскае гаспадары.
Сіні мёртвы агонь мігаціць над балотам,
Там танцуе зялёных русалак сям’я,
Вадзянік шчырыць зубы гнілыя з чаротаў –
Гэта клятая бацькаўшчына мая.
Завіваецца ноч як каўтун над зямлёю.
Вочы долі палаюць галодным агнём:
Удзень рычыць ваўкалак валасным старшынёю,
Уночы стражнік па лесе раве лясуном.
Плача клятая ноч як удовая сука,
Пенна хмары плывуць над зацвілай дрыгвой,
Дзе бескроўныя вольхі кастлявыя рукі
Уздымаюць у роспачы над галавой.
Глуха шэпча дрыгва сваім ротам бяззубым,
Сочаць воўчыя зубы з аблезлых кустоў,
Сочыць з купіны кожнай маўклівая згуба
Быццам грозны разбойнік старых бальшакоў.
Падыдзі – і ахопіць смяротнай пятлёю
Сцісне горла халоднай, аслізлай рукой –
Толькі твар ледзянога і злога спакою
На хвіліну ашчэрыцца над галавой.
О, праклятая ноч у краіне няласкі!
Колькі зданяў жыве ў прагнілым нутры:
Цені праўды ліхой, людзі з жудаснай казкі
У гэтай дзікай краіне – гаспадары.
Як баяўся я іх, як я іх ненавідзеў,
Апантаныя здані палесскіх начэй!
Загарэлася зорка надзеі ў крыўдзе –
Зіхаці, мая зорка, ясней і вышэй!

Што праўда, у самой нізцы ўсё ж адбываецца іншая рамантызацыя, цалкам вытлумачальная годам напісання вершаў, становішчам самога аўтара, які ўжо меў за плячыма два арышты за кантррэвалюцыйныя вершы, і, не варта гэта замоўчваць, роспачнай, але ўпартай верай у савецкую будучыню рэспублікі: напрыканцы нізкі палесскія карцінкі становяцца нават лубочнымі:

Адгукала труба, адмычэлі каровы,
Ў полі пуста – ні голасу, ні аганька.
Ноч глядзіцца ў Прыпяць, насупіўшы бровы –
Берагамі насустрач смяецца рака.
Серабром старасвецкім калышацца жыта,
Пах цягуча-мядовы плыве ад лугоў,
Ціхі блеск сеюць зоры праз сіняе сіта
На разгорнуты шоўк нетрывожаных сноў.
У новых хатах, у ліпавых лёгкіх калысках,
Спяць маленькія, крэпкія палешукі,
Спіць шчаслівы народ, да якога і блізка
Не падыдуць ні ведзьмы, ні дамавікі.

Не думаю, што мы сёння можам асуджаць тагачасных беларусаў за іх веру: часам сляпая вера – адзінае, што ў іх заставалася. Разам з самым надзейным і непахісным - роднай зямлёй.

У апошні дзень кастрычніка 1936 года Алесь Дудар быў трэці раз арыштаваны, і праз год расстраляны разам з больш чым сотняй беларускіх службоўцаў, навукоўцаў і культурнікаў.

Тэкст Ганны Севярынец