«Апошнія Каляды на радзіме». Як выбітныя паэты Адам Міцкевіч і Тамаш Зан аказаліся не патрэбныя на сваёй зямлі

Автор: Вікторыя Чаплева

«Я вамі кіраваў, каб збыць няволі путы, і абавязак мой – за вас прыняць пакуты» – гэтыя словы, якія некалі, седзячы ў вязніцы, казаў Тамаш Зан, Адам Міцкевіч напіша ўжо ў эміграцыі, уключыўшы іх у сусветна вядомую паэму «Дзяды». У адной з частак паэмы Міцкевіч адновіць тыя перадкалядныя дні, калі яго з сябрамі кінуць у астрог у Вільні. Нехта там чакаў катаргі, нехта – пажыццёвага выгнання.

У той жа час у двух тагачасных паэтаў былі народзіны: у Тамаша Зана, кіраўніка аб’яднання «Філаматаў», – 21 снежня, а ў яго сябра Адама Міцкевіча – 24 снежня. Зняволены яны былі за тое, што ўсімі сіламі намагаліся адрадзіць культуру Вялікага Княства Літоўскага, якое пасля падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе канчаткова адышло да Расійскай Імперыі.

Я не ведаю, пра што яны тады думалі: маладыя, таленавітыя, вершы якіх друкаваліся ў зборніках… Кінутыя ў астрог толькі таму, што распавядалі іншым пра нашу культуру і спадчыну. Але мне падаецца, у такія моманты думаеш пра самае лепшае: пра дзяцінства, сям’ю і гады ва ўніверсітэце.

Адам Міцкевіч нарадзіўся ў 1798 годзе ў Завоссі, але пасля яго бацькі пераехалі ў Навагрудак, там жа ён і правёў сваё дзяцінства. Тамаш Зан жа нарадзіўся ў 1796 годзе ў мястэчку Мясаты пад Маладзечнам. Калі Міцкевіч атрымліваў пачатковую адукацыю ў Наваградскай гімназіі, сядзеўшы за адной партай з будучым паэтам Янам Чачотам, то Тамаш Зан паехаў вучыцца ў Мінскую гімназію. Будынак гімназіі знаходзіўся на тэрыторыі Верхняга Рынку – гэта зараз Плошча Свабоды ў Мінску. Тагачасны Мінск падлетка Тамаша надзвычай уразіў: «Яўрэйка з абаранкамі, немец з грэцкімі піражкамі, званар-езуіт, смаргонскія мядзведзі, гукі царкоўнага звону, сад Карнеева, Залатая Горка і Кальварыя… Вакол усяго гэтага і круціліся думкі мінскіх дзяцей да 1812 года». Праўда, у гімназіі Тамаш не давучыўся, вярнуўся дадому. А пасля паступіў у знакаміты Віленскі ўніверсітэт, адукацыя якога яшчэ з XVI стагоддзя лічылася адной з самых прэстыжных у Еўропе. Туды ж паступіў і Адам Міцкевіч.

Віленскі ўніверсітэт у тыя гады стаў месцам канцэнтрацыі таленавітай і думаючай беларускай моладзі. Хлопцы пасябравалі адно з адным і заснавалі таемнае ўніверсітэцкае аб’яднанне – Таварыства філаматаў. Кіраўніком яго стаў Тамаш Зан. Ігнат Дамейка, які быў самым маладым чальцом аб’яднання, а пасля выгнання стаў бліскучым навукоўцам і нацыянальным героем Чылі, у сваіх мемуарах апісваў Тамаша Зана так: «Умеў ён з аднолькавай лёгкасцю зніжацца да разумення нявінных дзяцей, забаўляць іх і вучыць іх, так і ўступаць у палеміку з важнымі вучонымі людзьмі шаноўнага веку. Заўсёды вясёлы, усмешлівага твару, жартаўлівы, эстэтычны, улюблівы, ён не мог цярпець у маладых людзей самай малой непрыстойнасці, легкадумнасці, пажадлівасці, распусты».

Pushkin-i-Adam-Mickevich.jpg

Ён быў бясспрэчным лідарам віленскай моладзі. Неаднаразова выступаў са сваімі ідэямі, якія трансфармаваў і ў вершы:

Светлую мэту пазнайце.

Ёсць вушы ў вас, вочы,

Сэрца, душа… Ну, а зайздрасць

пакіньце на ўзбоччы.

Дайце спачыць языку,

думцы ж – вольную волю.

Лоб і рука – да айчыны:

хай вернуць ёй волю.

Міцкевіч жа не займаўся арганізацыяй тайных таварыстваў, не размаўляў з моладдзю, але Дамейка піша, што з ім пастаянна раіліся наконт накірунку і слухаліся яго, «бо яго сакалінае вока бачыла добра і далёка».

Спачатку аб’яднанне філаматаў было згуртаваннем той моладзі, якая цікавілася навукай, ведамі, паэзіяй, мастацтвам і музыкай. На пасяджэннях эксперыментавалі, чыталі новыя вершы, спявалі. Была ў філаматаў такая традыцыя: на пасяджэнні яны ішлі з вёдрамі малака. І, памаліўшыся і праспяваўшы песню, кожны мусіў выпіць кубак малака.

Пасля ідэі таварыства сталі распаўсюджвацца і на іншыя рэгіёны Беларусі. У розных гарадах пачалі засноўвацца свае аб’яднанні філаматаў, якія былі падначалены кіраўніцтву ў Вільні. З літаратурнага аб’яднання гэта перарасло ў гурток таленавітай моладзі, якая выступала за аднаўленне Рэчы Паспалітай, адстойвалі таксама ідэю барацьбы супраць феадальнага прыгнёту. Змены ў грамадскім жыцці, на іх думку, былі магчымы толькі ў выніку дзейнасці перадавых людзей. Філаматы выкарыстоўвалі для прапаганды сваіх ідэй сярод насельніцтва ланкастэрскія школы. Іх сутнасць была ў тым, што старэйшыя вучні пад наглядам настаўнікаў выкладалі прадметы малодшым вучням. Такія школы ствараліся ў беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх губернях, што ўваходзілі ў склад Віленскай вучэбнай акругі, таму многія філаматы ўдзельнічалі ў заснаванні школ і арганізацыі ў іх навучання па ланкастэрскай сістэме.

Mickiewicz-1.jpg

Да 1823 года ідэі філаматаў набылі такую папулярнасць, што пра іх ведала і падтрымлівала вялікая колькасць як моладзі, так і былой шляхты Рэчы Паспалітай. Да цара Расійскай Імперыі Аляксандра І дайшлі звесткі пра філаматаў. Таму паступіў канкрэтны загад: аб’яданне мусіць быць знішчана, а яго лідары і ўдзельнікі – выгнаныя з Радзімы. Так, сенатарам Навасільцавым была сфабрыкавана «Справа філаматаў». Паступова ўсіх, хто прымаў актыўны ўдзелу таварыстве, кінулі ў турму, у былы базыльянскі манастыр каля Вострай Брамы ў Вільні. Зан з Міцкевічам трапілі туды ў першых шэрагах.

Насельніцтва негатыўна ўспрыняла гэтую вестку, амаль што ўся моладзь Вільні была на баку філаматаў. Сябры падкуплялі канваіраў і прыходзілі наведваць вязняў, перадавалі ім ежу. Ахоўнікі дазвалялі вязням нават збірацца ў адной камеры, што было ім на руку: яны абгаворвалі свае паводзіны на допытах. Тамаш Зан не меў ілюзій. Ён ведаў дакладна: іх не адпусцяць. Але паліцыі дакладна не было вядома пра дзейнасць і структуру аб’ядання… Таму ён прыдумаў дакладную схему: узяць усю віну на сябе, каб астатніх маглі адпусціць. Чачот і Міцкевіч вырашылі падзяліць віну і паміж сабой.

TomaszZan.jpg

Міцкевіч пасля ў «Дзядах» Зана параўнае з Хрыстом: настолькі ён любіў сваіх сяброў, што гатовы быў ісці на пакаранне, толькі каб іншых адпусцілі. І напэўна, Зан падаецца бясстрашным і моцным. Толькі з турмы ён пісаў наступныя радкі, якія прысвячаў… Зосі Малеўскай, дачцэ рэктара Віленскага ўніверсітэта:

Зося, ты не плач па птаху:

Міг – жыццё яго на свеце.

Прымем долю мы без страху.

Зося, ты не плач па птаху.

Згіне птах, спаткаўшы плаху,

Трапіць іншы ў сонца сеці.

Зося, ты не плач па птаху:

Міг – жыццё яго на свеце.

Далёка не ўсе ведаюць, што паміж Зосяй, якой прысвячаў кожны другі верш Ян Чачот, і Тамашом былі адносіны. Як жа яшчэ можна яшчэ патлумачыць тое, што Зан да канца жыцця захоўваў локан Зосіных валасоў?

Міцкевіч жа ў камеры не хаваў, што думкі ў той момант былі пра яго каханую, Марылю. Нават у «Дзядах» ён яскрава па гэта піша.

otkrytka.jpg

Аднойчы, падчас вучобы, Зан узяў Міцкевіча да свайго сябра ў маёнтак у Туганавічы да свайго сябра, з якім вучыўся ў Мінскай гімназіі. Менавіта там ён і пазнаёміўся з Марыляй Верашчакай. Яны сталі падоўгу гуляць, размаўляць. Марыля стала яго адвечным і няшчасным каханнем, бо яна была заручана з іншым. Марыля не стала пярэчыць бацькам і выйшла замуж за таго, з кім была заручана. Міцкевічу ж гэтым яна нанесла незагойную рану. Аднак нават будучы замужам, Марыля сустракалася з Адамам. Гэты факт дае падставу думаць, што муж яе ўсё ведаў, што сэрца Марылі належыць іншаму. Пасля, нават у выгнанні, калі ён ажаніўся, Міцкевіч не змог забыць Марылю. Менавіта яе імем Міцкевіч назваў сваю дачку. Але яго сябры-літаратары перакананы, што менавіта няшчаснае каханне спрыяла яго ўзлёту на новы літаратарскі ўзровень:

Ох, любая! Мне памяць

пра твае пяшчоты

Атручваюць трывогі,

думак змрочных рой:

Што ў сэрцы ў цябе?

Ці добра ўсё з табой?

Мо ўсю душу тваю

спустошваюць згрызоты?

З любоўнай прагай

мы змагаліся ўсе дні.

Адны ў пакоі, дзе панадны

змрок таіўся,

І паддавацца ёй не думалі ані.

Цяпер… Я абалью слязамі

алтары ўсе

Не для таго, каб змыць

свой грэх у цішыні,

А каб мне Бог пакутаю

тваёй не мсціўся.

У вязніцы філаматаў пратрымалі з восені 1823 па вясну 1824 года. У 1824 годзе лідараў адправілі па этапах. Міцкевіча выслалі ў глыбіню Расіі, пасля – у Маскву і Пецярбург. Там ён адразу пасябраваў з рускай інтэлігенцыяй: Жукоўскім, Пушкіным, Вяземскім, Рылеевым. Міцкевіч быў жаданым госцем на літаратурных салонах, дзе захапляліся яго творчасцю. У той час, калі на радзіме ён быў забаронены… Праз некалькі гадоў Міцкевічу ўдалося вырвацца за мяжу, дзе ён і будзе друкаваць свае вершы. Термопринтер этикеток — высокотехнологичный прибор для нанесения изображений по методу прямой и термотрансферной печати. Пасля яго ад’езду Пушкін напіша наступнае: «…Он вдохновен был свыше, И свысока взирал на жизнь…»

Зан жа быў высланы ў Арэнбург, дзе нейкі час будзе сядзець у вязніцы. Адтуль ён пісаў такія радкі:

Хто ўздых тут мой цяжкі пачуе?

Ледзь вырвецца ён, як завея

Падхопіць яго, завіруе,

Па стэпе татарскім развее.

Я тут падуладны буранам.

Навее ўспаміны мне хмара.

Былое маё – за туманам.

Жыццё – як далёкая мара.

Пасля ён не здрадзіць сваім прынцыпам і будзе сябраваць з мясцовымі рэвалюцыянерамі. Праўда, вярнуцца на радзіму яму дазволяць толькі ў апошнія гады жыцця.

Зборнік санетаў Міцкевіча будзе прызнаны адным з лепшых паэтычных зборнікаў у свеце. Ці шмат пра яго чулі ў Беларусі? Адным з найлепшых твораў яго будзе лічыцца «Пан Тадэвуш», дзе ён поўнасцю адновіць быт тагачаснай шляхты Наваградчыны. Ці ведаў ён тады, што ўсё жыццё ў эміграцыі ён прысвяціць Беларусі і што нават збярэ для гэтага войска, для самага галоўнага паходу за сваё жыццё, за падрыхтоўку якога, пэўна, і будзе атручаны, не дажыўшы да свайго 57-годдзя?…

8520fb4c8387e0db14b37d6fa3f006ed.jpg

Але зараз у маім сэрцы «Дзяды». Чытаю і ўяўляю, як снежаньскімі днямі, калі ўсе рыхтаваліся сустракаць Каляды, калі моладзь марыла і будавала планы на будучыню, яны, лепшыя сыны свайго часу, сядзелі ў халодных мурах. Яны сядзелі і спадзяваліся на цуд: усё пройдзе, і будуць яны разам са сваімі любімымі зноўку служыць на карысць радзіме. Толькі цуду не адбылося. А любімых сваіх яны так больш і не пабачылі. Але ня гледзячы на гэта, у базыльянскіх мурах нават у той час чуліся іх галасы і даносіліся радкі з філамацкага гімна:

Хаця і ня простай дарогай

Мы дойдзем да сіняга рання,

Нам будзе тут неба падмогай,

Праца і мужнасць,

і наша яднанне!



Самые популярные

За неделю За месяц За год За все время