Масавы экатурызм – тупіковая эвалюцыя прыродных тэрыторый

Автор: Денис Китель
Ссылка: wildlife.by

Два выпадкі ў сферы турызма на ААПТ Беларусі за апошні месяц і мой асабісты замежны вопыт навялі на думку, што мы рухаемся не ў тым накірунку.

Перш за ўсё, што адбылося ў Беларусі? Адзін з тураператараў прапанаваў экскурсію па Ельні разам з сабакам (бо сабакі вельмі любяць бегаць па балотах). У другім выпадку блогер вырашыў самастойна правесці групу кліентаў праз Бярэзінскі запаведнік, ні з кім не ўзгадняючы, без дазволу і аплаты.

Адразу выкажу сваё бачанне вырашэння праблемы:

- трэба абмежаваць колькасць наведвальнікаў прыродных тэрыторый, увесці ліміты на дзень, тыдзень, месяц, год;

- перасоўванне па тэрыторыі дапушчальна па ўзгаднённым маршруце разам з акрэдытаванымі турфірмамі і гідамі. Парушэнні турфірмамі і гідамі правілаў павіны весці да пазбаўлення іх права дзейнасці на дадзенай тэрыторыі;

- абавязковы фінансавы ўнёсак ў ААПТ. Лепш, каб білеты былі максімальна дарагія. Атрыманыя грошы павіны ісці на захаванне натуральнага стану тэрыторыі, на падтрыманне інфраструктуры;

- недапушчальнасць наведвання тэрыторыі разам з дамашнімі жывёламі ў перыяд размнажэння жывёл ці іх масавых міграцый.

42fe9d8868e305dcd773b2dccf78d86d.jpg

Што будзе, калі гэтага не зрабіць?

Неабмежаваная колькасць наведвальнікаў прывядзе да прыгнёту тэрыторыі, асабліва ўздоўж маршрутаў: вытаптаныя сцежкі, абламаныя дрэвы і кусты, вогнішчы, смецце, туалеты за кожным дрэвам. Слаба адукаваны тураператар і гід будуць спрабаваць пашырыць варыянты знаходжання турыста, што павялічыць тэрыторыю рэкрэацыйнай нагрузкі. Трэба заўсёды памятаць, што кожная вышка для назірання, лавачка, насціл на балоце і г.д. – гэта тэрыторыя, забраная ў прыроды.

Далёка не кожны від жывёл вытрымае такое блізкае знаходжанне чалавека, а таму будзе пазбягаць гэтых месцаў. Чым лепш развіта сістэма дарог і іншых інфраструктурных элементаў, тым меньш застаецца месца для тых відаў жывёл, дзеля якіх насамрэч ААПТ і былі ўсталяваныя.

Чаму білеты павінны быць дарагія? Таму што нам трэба змяніць свае адносіны да прыроды, яна не павіна быць простым “наваколлем”, а стаць гэткай жа каштоўнасцю, як, напрыклад, творы рэнесансных мастакоў. Колькі б вы згадзіліся заплаціць, каб паслухаць Бетховена ўжывую? Нізкі кошт, на жаль, пакуль у нас асацыіруецца са звычайнасцю і будзённасцю.

9ccb86b4c66edd20b4086b5d7fb0293d.jpg

Што датычыцца дамашніх жывёл, то ім самае месца дома. Сам факт знаходжання сабакі, нават на ланцужку, здольны напалохаць мясцовую фаўну, што можа прывесці да негатыўных наступстваў.

Ці ёсць ў свеце прыклады, якія пацвярджаюць мае словы? На жаль, зашмат… Сотні джыпаў штодзённа выяжджаюць у ланскійскім нацыянальным парку Яла, каб паказаць турыстам леапарда ці слана. Каб кліент быў задаволены, жывёл спецыяльна палохаюць і пераследуюць.

У бухце Ха Лонг ва Вьетнаме больш за тысячу атэляў, што прапануюць туры на лодках. Колькасць турыстычных яхт такая, што верагодасць зрабіць фота толькі прыроднага вострава вельмі маленькая, у кадры абавязкова будзе лодка. Горы смецця ў заліве і на пляжы ўражваюць.

На мьянмскім возеры Інле засталіся толькі людзі: яны штодзённа ставяць тысячы сетак на рыбу і знаходзяць ўжыванне нават амаль лічынкам, невялічкім пяцісантыметровым рыбінкам, вырываюць водарасці для сваіх плывучых агародаў, пабудавалі на вадзе гарады з рэстаранамі, шоўрумамі і атэлямі…

Я мог бы працягваць надалей, але мая мэта – паказаць тэндэнцыю, а не расказаць пра ўсе выпадкі.

746f6428f75bc6c3e3f92457a773dcff.jpg

Чаму тое, што я прапаную і што безумоўна прывядзе да выратавання і захоўвання ААПТ, ніколі не адбудзецца ў Беларусі?

Таму што да гэтага не гатовая нашая эканоміка. Гэта патэнцыйная работа для мясцовага насельніцтва (агратурызм), развіццё мясцовай інфраструктуры, патэнцыйныя інвестыцыі. Гэта ўсё пра тое, з якімі думкамі кожны дзень прачынаюцца і кладуцца спаць нашы палітыкі. Гэта значыць, што трэба будзе адмяніць для ААПТ – святое! – выкананне планаў.

І напрыканцы: калі колькасць прапаноў павялічваецца, пачынае дзейнічаць закон канкурэнцыі, і кошты пачынаюць зніжацца. Хтосьці паспее нажыцца на піке папулярнасці, хтосьці падключыцца пазней і прагарыць. Але падчас гэтага падзелу рынка ў першую чаргу будзе пакутваць тэрыторыя, на якой усе адбываецца. І ўсё з-за таго, што калісьці мы вырашылі зрабіць з яе “каштоўнасць”.



Смотрите также

Статьи
Топ-10 стран, в которых белорусы отдыхали в прошлом году

В прошлом году белорусы предпочитали отдыхать в Турции и Египте,

Самые популярные

За неделю За месяц За год За все время