Рыбак, паляўнічы, вандроўнік. Да юбілею Уладзіміра Караткевіча

Автор: Вольга Дзмітрыева
Фото: аўтара

26 лістапада споўнілася 90 год з дня народзінаў знакамітага беларускага пісьменніка – Уладзіміра Караткевіча (1930–1984). Упэўнена, многія з вас не толькі чыталі яго творы, але і ўлюбёныя ў іх усім сэрцам. У сваіх творах ён заўжды апісвае не толькі веліч і значнасць нашай гісторыі і традыцый, але і безумоўную прыгажосць беларускай прыроды.

maxresdefaul_984.jpg

“Каласы пад сярпом тваім”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Сівая легенда”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Чорны замак Альшанскі” і інш. – такія ж сістэмаўтваральныя творы беларускай літаратуры, як і творы Дзікенса ці Агаты Крысці для англічан, творы Дзюма для французаў ці Гётэ для немцаў. Не будзе памылкай сказаць, што для беларусаў Караткевіч настолькі ж значны пісьменнік, як, напрыклад, Эрнэст Хемінгуэй, і не толькі для амерыканцаў, але і для ўсяго свету. Але пяройдзем ад прыкладаў да сапраўднага жыцця.

Між тым узнікае цікавае пытанне: а ці быў сам пісьменнік паляўнічым ці рыбаком? Ці мажліва было так распавядаць аб прыродзе, не праводзячы там шмат часу? А што можа больш спрыяць гэтаму, як не рыбалка ці паляванне?

З гэтым пытаннем я звярнулася да аднаго з яго лепшых сяброў – літаратуразнаўцы, публіцыста, доктара філалагічных навук і прафесара Адама Восіпавіча Мальдзіса.

1027046812_984.jpg

З Караткевічам яны пазнаёміліся ў 1962 годзе. Адам Восіпавіч напісаў рэцэнзію на твор Караткевіча “Нельга забыць”. Рэцэнзія была вельмі ўдумлівая, і твор у ёй быў ацэнены належным чынам. У сваю чаргу яна вельмі зацікавіла аўтара твора і спадабалася яму. Потым яны пазнаёміліся і сталі сапраўднымі сябрамі на ўсё жыццё. Шмат часу праводзілі за гутаркай, у розных вандроўках і ў сумесных камандзіроўках у суседнія краіны.

– Адам Восіпавіч, ведаю, што Вы сябравалі з Караткевічам вельмі доўгі час. Адкажыце, калі ласка, ці быў ён апантаным паляўнічым ці рыбаловам? Бо шмат твораў у яго так ці інакш закранаюць тэму прыроды. Ды і назва адной са знакамітых яго аповесцяў – “Дзікае паляванне караля Стаха”.

– Ведаеце, спадарыня Вольга, з аднаго боку, мы сапраўды былі знаёмы доўгі час і шмат разоў выязджалі разам за мяжу. Вельмі любілі наведвацца разам у Вільню ці Кракаў, бывалі і ў мяне на радзіме, на Астравеччыне, але, сапраўды кажучы, мы ўвесь час праводзілі ў цікавых размовах, сядзелі разам у архівах, сустракаліся з сябрамі, шпацыравалі. А так, каб паехаць на рыбалку – не. Часу не было. Ды і я сам не паляўнічы.

– Так, пра Астравеччыну ведаю, гэта вельмі прывабныя мясціны (практычна на рубяжы з нашай суседкай Літвой), у тым ліку і для рыбалкі. Няўжо так і не адбылося сумесных паездак з гэтай нагоды?

– Мясціны ў нас сапраўды вельмі прыгожыя! Памятаю, калі быў маленькім хлопчыкам і падлеткам, прыходзіў з вудамі на нашу рэчку Лошу і лавіў фарэльку. Гэта зараз яна ў Чырвонай кнізе, а тады было можна. Але так, каб разам з Караткевічам… не, не ездзілі. Увесь час абодва былі за работай. Ён шмат часу аддаваў сваёй літаратурнай дзейнасці, я – навуковай… Неяк не адбылося. Але ён прыязджаў туды, да мяне на радзіму, і мы надумалі сумесны твор напісаць. Потым вырашылі выбраць адну тэму і зрабіць два розныя творы, кожны са свайго боку гледжання. Я напісаў “Восень пасярод вясны”, ён – “Крыж Аняліна”.

– Адам Восіпавіч, наколькі ведаю, Уладзімір Сямёнавіч тры разы ўдзельнічаў у экспедыцыях па Палессі, хадзіў па Прыпяці. Мабыць, тады рыбачыў?

– Чаму не, мабыць, рыбачыў, і даволі шмат. Ён колькі разоў хадзіў у вандроўкі і экспедыцыі па ўсёй Беларусі. Сапраўды, некалькі разоў хадзіў і па Прыпяці (1969, 1980 і 1984 гг. – В.Д.). На жаль, у апошнім такім паходзе яго жыццё і скончылася.

Але дакладна пра рыбалку адказаць не магу. Мяне ў той час побач з ім не было. Вось прыроду і жывёл ён, безумоўна, вельмі любіў! Характар у яго быў непрадказальны, але вельмі добры быў чалавек.

Памятаю такі выпадак. Мы тады жылі з ім побач. Недалёка знаходзіўся Старажоўскі рынак, а там жывёл прадавалі. Валодзя часта хадзіў туды і набываў галубоў. Навошта? Ён іх адпускаў! Гэта было вельмі прыгожа і адпавядала яго сутнасці: набыць, каб даць свабоду. Аднойчы нехта са знаёмых заўважыў – дык ты гэтага голуба ўжо раней набываў! Ён проста не ведаў, што галубы штораз вярталіся дадому. Але гэта, безумоўна, было вельмі прыгожа.

– А ці была ў яго хаце якая-небудзь з жывёл? Тым больш, калі Вы кажаце, што ён вельмі добра да іх ставіўся.

– Не, у Мінску ніколі не было. Мабыць, у яго маці ў Оршы, але тут – не трымаў. Памятаю, у яго кватэры аднойчы цэлы тыдзень жыў сапраўдны… мядзведзь. Быў такі выпадак. А так, каб кот ці сабака – не, ніколі.

У час размовы мы шмат гутарылі пра літаратуру, стаўленне Караткевіча да свету і людзей, пра фантастычнае пачуццё гумару гэтага чалавека і яго бясконцыя прыгоды і вандроўкі, але ніяк не маглі знайсці тыя адметныя здарэнні, якія ў першую чаргу цікавыя нашым чытачам. І раптам усё стала на свае месцы! Мы знайшлі тое, што трэба! Справа ў тым, што летам гэтага года быў упершыню апублікаваны невядомы раней дзённік Караткевіча. Яго прынесла пляменніца пісьменніка – Алена Сінькевіч. Дзённік датаваны 1965–1966 гадамі (вельмі плённы перыяд у яго творчасці), ёсць і спасылкі на лісты 1964 г. Нягледзячы на тое, што многія ўпэўнены, што Уладзімір Сямёнавіч не паляваў, гэта не так. Мы падабралі найбольш цікавыя цытаты па паляўніча-рыбалоўнай тэматыцы, якія прыйдуцца да сэрца і нашым чытачам.

Пра рыбалку

“І добра жыць, і хочацца працаваць. Зрабіў яшчэ сорак старонак “Хрыста”. (…) Скончыўшы ўсё гэта, пайшоў з Сержам на Рыжковіцу лавіць верхаводак. (…) Вудзяцца яны весела, на зубах хрумсцяць добра (фосфар для мозгу, хаця, калі ўлічваць мой мазгавы стан за апошні год – мне трэба знішчаць за дзень трох акул), і тут таксама ёсць свае сюрпрызы. Сёння, напрыклад, нечакана для самога сябе, спаймаў чахонь у паўтары мае далоні.” (1 ліпеня, чацвер, 1965 г.)

“Учора таксама зрабіў замах “на маленькіх”, на верхаводку. Спаймаў шмат, а дасядзеў да таго часу, калі паплавок зліваецца з апошнімі адбіткамі дня.” (3 ліпеня, субота, 1965 г.)

“З раніцы пайшоў на Дняпро, лавіў, але хаця б разок клюнула. Сышло лецейка. Давядзецца паспрабаваць сакам. Пасля ўвесь дзень пісаў лісты.” (4 лістапада, чацвер, 1965 г.)

Вядома, што Караткевічу вельмі падабалася рыбачыць і на моры, асабліва ў крымскім Кактэбелі. Там ён нават злавіў акулу. Выходзіў ён у мора і з рыбакамі ў Абхазіі і Прыбалтыцы. Такім чынам, ведаў гэта не па чутках, а з асабістага вопыту.

караткевич.jpg

Пра паляванне

“Затое сёння пад канец дня быў царскі пір. Былі ў Гансоўскіх. (…) Дамовіліся наконт зімняй ваўчынай аблогі і наконт ліцэнзіі на лася (паспрабаваць раз у жыцці трэба). (…) Гаспадар – стары (два-тры гады) знаёмы. “Паляк” (гаворыць толькі па-беларуску) (…) з веданнем усяго, што робіцца на нашай натуры. (…) Эх, мне б тое паляванне, і тую Інгу, і ўсё. Цэлае жыццё мару аб сэтары (толькі не англійскім, а ірландскім, агнявым), – але гэтага, відаць, таксама ніколі не будзе.” (3 ліпеня, субота, 1965 г.)

“Сёння лісты ўсе скончыў, схадзіў у горад і кінуў іх, купіў пару кніжак і зрабіў гэты запіс. Шкада, што сонца з’явілася толькі а другой палове дня, а раніцай крапаў дождж і сапсаваў нам паляванне. А як добра было б ісці па іржышчах з сабакам, і каб вецер свістаў у рулю стрэльбы, а вакол голыя лясы. Нічога, нідзе не дзенецца.” (4 лістапада, чацвер, 1965 г.)

“...І яшчэ шкадую, што не будзе мяне тут залатой восенню, падчас палявання. Паплавы бязмежныя, рудаватыя, бо атаву пакасілі, над галавою неба без хмурынкі, паветра такое празрыстае – за дзесяць вёрст кожную былку відаць. А ты ідзеш са стрэльбай, а сабака перад табой гойсае, а ты ўвесь час у напружанні: чакаеш, што вось вырвецца з лазовага куста нехта або прарэжа сінь краншнэп. Нічога не ведаю лепей. Ну, можа там нехта зводзіць на нейкае небывалае паляванне – тады і ўсё будзе добра.”

(З ліста да Ларысы і Янкі Геніюшаў, 17 ліпеня 1965 г., Рагачоў.)

У нейкім з інтэрв’ю знаходжу такі адказ на пытанне “Якія мясціны Беларусі вы найбольш любіце і ведаеце?”.

“ Люблю ўсе месцы на Беларусі. Ведаю таксама ўсе. Некаторыя болей, некаторыя меней. Найбольш – Прыдняпроўе, Палессе, Прыдзвінне, Навагрудчыну. (…) І яшчэ Далёкі Усход, Украіну, Урал, горны Крым і Каўказ. І, пасля Беларусі, больш за ўсё – мора.”

Таму, мабыць, і цяга такая ў яго да прыроднага хараства…

Вось так, дзякуючы адной гутарцы, давялося пазнаёміцца з двума “рознымі” Караткевічамі. Але, мабыць, так заўжды бывае, калі чалавек мае такі шырокі погляд на жыццё і свет.

«Паляўнічы і рыбалоў», №23, 2015 г.




Самые популярные

За неделю За месяц За год За все время