Цуды Беларусі. 7 велічных гарадзішчаў, на якія варта падняцца

Фото: Сяргей Плыткевіч

Сярод археалагічных помнікаў Беларусі асабліва ўражваюць велічныя гарадзішчы. Іх часта называюць замкавымі гарамі, бо цэнтрам умацаванага паселішча быў замак. Узгоркі колішніх фарпостаў і старых дзядзінцаў, разьмешчаныя ў маляўнічых мясьцінах, цяпер — выдатныя пляцоўкі для агляду. Такія мясьціны маюць вялікі турыстычны патэнцыял. Асобныя гарадзішчы сталі месцам правядзеньня фэстываляў і сьвятаў, абавязковымі пунктамі ў турыстычных маршрутах альбо часткай музэйнай экспазыцыі. Іншыя яшчэ чакаюць, каб да іх пацягнуліся цікаўныя.


1. Замкавая гара ў Навагрудку

Горадзенская вобласць

Замкавая гара ў Навагрудку — адзін з найвышэйшых пунктаў Беларусі. Яе вышыня — 323 метры над узроўнем мора. Менавіта тут у 1263 годзе каранавалі першага князя ВКЛ Міндоўга. З цырымоніі каранацыі пачынаўся адзін зь першых і самых маштабных у Беларусі фэстаў сярэднявечнай культуры. Галоўныя падзеі свята разгортваліся на Замкавай гары і ў гістарычным цэнтры Наваградку. Каранацыя Міндоўга стала анімацыйнай часткай шматлікіх экскурсійных праграм.

Каменны замак, збудаваны на гарадзішчы ў XIV–XVI стагодздзях, быў адным з самых магутных у княстве. Тут праходзілі дзяржаўныя сеймы, сустрэчы паслоў і каралёў. Да сёння на гары захаваліся фрагменты Касцельнай і Шчытовай вежаў колішняга замка. Адсюль адкрываецца шыкоўны від на Навагрудак. Пад Замкавай гарой у 1930-я гады зрабілі парк. У ім раслі самыя разнастайныя пароды дрэваў, у тым ліку дзесяткі экзатычных. Нават пасля ваенных разбурэнняў ён лічыцца адным з найлепей захаваных на Горадзеншчыне.

2. Замкавая гара ў Тураве

Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць

Замкавая гара — на беразе Прыпяці ў паўночна-заходняй частцы Турава. Яе плошча — 180×200 мэтраў. Калісьці тут быў дзядзінец і горад вакол яго. Цяпер замчышча — помнік археалогіі ХІІ стагодзьдзя.

Выгляд старажытнага гораду адноўлены на макеце — экспанаце ў мясцовым краязнаўчым музэі. Асобная музейная экспазыцыя размешчана проста на Замкавай гары. Гэта крыпта, пад дахам якой — адкрытыя археолагамі рэшткі старажытнага катэдральнага сабору. Пабудаваны на месцы колішняга паганскага капішча, ён быў большы за Сафійскі сабор у Полацку. На думку даследчыкаў, святыня паўстала ў часы Кірылы Тураўскага.

Помнік асветніку, імем якога асвечаныя цэрквы ў Тураве, іенску, Лондане, Нью-Ёрку і Таронта, стаіць поруч з крыптай на Замкавай гары. Дарэчы, выява Тураўскага гарадзішча змешчана на банкноце наміналам дваццаць беларускіх рублёў.

3. Замкавая гара ў Браславе

Віцебская вобласць

Замкавая гара ў Браславе стаіць на перашыйку паміж азёрамі Дрывяты і Навята. Яна ўзвышаецца над узроўнем вады на 14 мэтраў, а вышыня абарончых валоў сягае амаль сямі мэтраў.

Усе збудаванні на гары былі драўляныя і да нашага часу не захаваліся, але месцічы да гэтай пары называюць старажытнае гарадзішча замкам. З Замкавай гары адкрываецца найлепшы від на мястэчка ўнізе і на азёры. Панарама прыйшлася даспадобы княгіні Алене. Праз год Аляксандар Ягелончык падараваў жонцы Браслаў і ваколіцы. Яна збудавала на гары манастыр і царкву.

Падняўшыся аднойчы на Замкавую гару, вырашыў тут застацца і доктар Нарбут. Удзячныя за самаадданую службу браслаўцы пахавалі лекара на гарадзішчы. Цяпер тут стаіць помнік-маяк, завершаны ліхтаром, які меўся падказваць рыбакам шлях да берага ў непагадзь.

Плошча Замкавай гары — два гектары. Штогод тут адбываецца фэст сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава». У гонар князя, які збудаваў на гары ўмацаваную крэпасьць на шляху да Полацку. З экскурсіі па Замкавай гары пачынаецца знаёмства з Браславам.

4. Замкавая гара ў Мсьціславе

Магілёўская вобласць

На правым беразе ракі Віхры́ на 20 мэтраў над узроўнем вады ўзвышаецца Замкавая гара ў Мсціславе.

Мсціслаўскі замак быў абкружаны грандыёзнымі ярамі — 60–100 мэтраў ушыркі і больш за 25 мэтраў углыб. На месцы заснавання Мсціслава археолагі выявілі культурны слой з драўлянымі пабудовамі, у якім зрабілі нямала каштоўных знаходак. Сярод іх — фрагмэнт шклянога келіха з арабскім надпісам, дзве з трох знойдзеных у Беларусі берасьцяныя граматы, шарык для гульні ў мурмэншпіль, альбо земляны більярд.

Замкавая гара — частка экспазыцыі гісторыка-археалягічнага музэю Мсьціслава. Тут часткова адноўленая гістарычная забудова XII–XIV стагодзьдзя. Асобным памяшканьнем закансерваваны раскоп старажытнага гарадзішча з рэшткамі кузьні, дома, маставой, каналізацыйнымі збудаваннямі. А ў драўлянай вежы-данжоне — этнаграфічная экспазіцыя.

У музеі магчыма замовіць экскурсію або анімацыю, калі гасцей пры браме сустракае князь Лугвен. Замкавая гара плошчай каля двух гектараў стала пляцоўкай для свята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст».

5. Гарадзішчы «Вал» і «Замэчак» у Заслаўі

Мінскі раён

Адразу двума старажытнымі гарадзішчамі славіцца Заслаўе. У гістарычным цэнтры гораду захаваліся магутныя валы і бастыёны замка XVI–XVII стагодзьдзяў. Гэта гарадзішча «Вал» плошчай 200×100 мэтраў. На ім узвышаецца колішні кальвінскі збор, які пасля быў касцёлам і ўніяцкай царквой. Умацаваны некалі замак цяпер — выдатная пляцоўка для агляду.

Другое гарадзішча — на паўднёва-заходняй ускраіне Заслаўя, паданьні звязваюць яго з імёнамі Рагнеды і Ізяслава. «Замэчак», альбо малы замак, цікавы тым, што мае амаль ідэальную круглую форму дыямэтрам каля 70 мэтраў. Вышыня кальцавога валу амаль дасягае двух мэтраў, агульная плошча не перавышае паўгектара.

Замак быў умацаваны абарончай сцяной, бязводным ровам і частаколам. Уезд баранілі вежа і брама.

Заслаўе — папулярны экскурсійны кірунак. Тут, дзе ёсьць гарадзішчы і этнаграфічны комплекс, не аднойчы ладзіліся гістарычныя імпрэзы.

6. Гарадзішча ў Лоску

Валожынскі раён, Мінская вобласць

Сёньня Лоск — вёска на мяжы Мінскай і Гродненскай абласцей. У XIV стагодзьдзі на высокім кальцавым вале стаяў Лоскі замак. Гэта былі ўмацаванні з дзесяццю трохʼяруснымі вежамі і сценамі-гароднямі, унутры якіх стаялі два палацы.

У 1570 годзе магнат Ян Кішка заснаваў у Лоскім замку друкарню. Тут друкаваліся некаторыя творы Сымона Буднага на польскай і лацінскай мовах. І сам гуманіст пэўны час гасцяваў у Лоску.

Ад колішніх збудаваньняў не засталося нічога. Толькі ўзгорак прыгожай авальнай формы, які мясцовыя жыхары называюць замчышчам.

Замкавая гара — адна з галоўных адметнасцяў сучаснага Лоску. З гарадзішча памерам 160×75 мэтраў адкрываецца від на ваколіцы і раку Бруянку, што ўпадае ў Бярэзіну.

7. Гарадзішча ў Друцку

Талачынскі раён, Віцебская вобласць

На месцы невялікай вёскі на рацэ Друць калісці стаяў старажытны горад — цэнтр уплывовага Друцкага княства. Размешчаны на шляху «з варагаў у грэкі», ён быў гандлёвым і рамесным цэнтрам. Пра былую веліч тутэйшых мясцін сведчыць старажытнае гарадзішча.

Да сёння захаваўся рэльеф дзядзінца плошчай амаль гектар, навакольнага гораду і пасаду памерам трошкі больш за гектар, а таксама рэшткі землянога абарончага вала вышынёй каля дзесяці метраў. Каля замкавай гары можна ўбачыць і равы глыбінёй у некалькі мэтраў.

На месцы княскага двара і былога места археолагам трапілася шмат каштоўных знаходак. Сярод іх — залатыя пацеркі, срэбны бранзалет, княскі пярсцёнак, зброя і даспехі.

Асобная экспазіцыя гісторыка-краязнаўчага музею ў суседнім Талачыне прысвечаная старажытнаму Друцку. Яе цэнтр — макет гарадзішча з драўлянымі пабудовамі. На гарадзішчы ўсталяваны памятны знак, які сведчыць пра тысячагадовую гісторыю Друцку.

З вышыні замкавай гары відаць маляўнічую стужку Друці, некалі часткі гандлёвага шляху.



Самые популярные

За неделю За месяц За год За все время