Як бяспечна катацца на ровары ў час пандэміі – раіць доктар Андрэй Вітушка

Автор: Раман Абрамчук
Фото: Андрэй Давыдчык, Сяргей Плыткевіч

Велагід Раман Абрамчук, кіраўнік праекту «Менскі велашпацыр» пагутарыў з лекарам-рэаніматолагам, кандыдатам медычных навук і велаэнтузіястам Андрэем Вітушкам пра лайфхакі і нюансы язды на ровары ва ўмовах пандэміі. Аказалася, што не ўсё так відавочна, як здаецца на першы погляд.

— Спадар Андрэй, дайце нам спраўныя парады і развейце некаторыя трывогі і сумневы. Па-першае, ці ўвогуле варта зараз высоўваць нос з хаты і ездзіць на ровары? Ці лепш пры магчымасці застацца дома?

1-89655273_141168187202396_5043456164411473920_1330.jpg

— Калі неабходна кудысьці паехаць, то так, ровар ці ўласнае аўто — гэта найлепшы варыянт, бо вы ні з кім па дарозе не кантактуеце. А ровар добры яшчэ тым, што гэта экалагічны і агулам карысны для здароўя транспарт.

— Пры яздзе на ровары дыханне робіцца больш інтэнсіўным, і калі нацягнуў маску — то яна хутка вільгатнее. А ў дождж — дык увогуле адразу робіцца мокрай. Ці варта яе ўвогуле апранаць, едучы на ровары?

— Маска на ровары — гэта нонсэнс. Не варта яе апранаць. Маска патрэбна тады, калі вы кантактуеце з іншымі людзьмі, якія могуць быць заразнымі ў памяшканні на працягу некаторага часу.

2--AJ3I2221pb_1330.jpg

— Добра, але возьмем сітуацыю, калі, напрыклад, раварыст, выйшаў з роварам са сваёй кватэры, апрануў маску, каб не заразіцца ў пад’ездзе, потым зняў яе перад пачаткам язды і праз некаторы час зноў мае патрэбу зайсці ў нейкае памяшканне, зразумела, у масцы. Што рабіць з маскай? Ці можна, напрыклад, акуратна, чыстымі рукамі яе зняць і павесіць за «вушка» на стырно, а потым гэтак жа апрануць яе перад уваходам у іншае памяшканне? Ці ўсё ж, неабходна абавязкова кожны раз апранаць свежую маску?

— Можна і так зрабіць. Толькі варта памятаць, якім бокам да сябе вы апраналі маску, каб не пераблытаць. Добра, калі маска пабудзе на сонцы — каронавірусы адчувальныя да сонечнага святла і высокай тэмпературы.

— Падчас язды, падчас аб’езду людзей у мяне, напрыклад, ёсць страх, што гэты чалавек (пешаход ці раварыст), да якога я набліжаюся, раптам кашляне ці чыхне ў мой бок, і я «злаўлю» вірус. Ці можа такое здарыцца?

— Тэарэтычна так, але верагоднасць усё ж вельмі малая.

3-2017-06-09-7--6092pb_1330.jpg

— І ўсё ж, правіла пра 3 метры сацыяльнай дыстанцыі ці аднолькава актуальнае і для раварыстаў, і для пешаходаў? Ці, можа, тут грае ролю хуткасць раварыста? Ці можна, умоўна кажучы, хутка «праскочыць» прастору, дзе толькі што кашлянуў ці чыхнуў патэнцыйна хворы чалавек і, такім чынам, не заразіцца?

— Тэарэтычна, можна заразіцца, «уехаўшы» у воблака кропель слізі, якое выйшла ад хворага чалавека пры чыханні. Але пры гэтым трэба не толькі ўехаць у гэтае воблака, але яшчэ і ўдыхнуць, знаходзячыся там. Такім чынам можна «спадзявацца» што заразішся. Але верагоднасць супадзення прысутнасці хворага чалавека на вашым шляху і выканання вышэй пададзеных фактараў вельмі малая. Як паказвае практыка, найбольш хварэюць анастэзіёлагі-рэаніматолагі, якія, напрыклад, могуць заразіцца пры інтубацыі трахеі пацыента з COVID-19 (працэдура па пастаноўцы ў дыхальныя шляхі пацыента адмысловай трубкі). Пры гэтым твар доктара знаходзіцца блізка ад рота і носа пацыента, і таму небяспека максімальная. А верагоднасць трапіць у нейкае паветрана-кропельнае «воблака» хворага чалавека, едучы на ровары, і заразіцца — мізэрная. Трэба разумець і такую заканамернасць: чым большую дозу вірусных часцінак удыхнуў — тым цяжэй будзе працякаць хвароба.

— Вось напрыклад, галоўная веласцежка ў Мінску — не дазваляе вытрымаць дыстанцыю ў 3 метры з іншымі раварыстамі — ці сапраўды з-за гэтага ехаць па ёй зараз больш небяспечна, чым па шырокім ходніку якой-небудзь вуліцы, дзе застаецца магчымасць аб’езду з дыстанцыяй?

— Я б так не сказаў. На праспекце шмат пешаходных пераходаў. І раварыст вымушаны будзе так ці іначай на іх спыняцца і чакаць разам з іншымі зялёнага святла. І гэта больш небяспечна, чым ехаць па веласцежцы, не спыняючыся, і перастрэцца на імгненне з іншым, патэнцыйна заразным чалавекам. Калі патлумачыць на лічбах, то лепей на долі секунды апынуцца з хворым на адлегласці 50 сантыметраў, чым некалькі хвілін пастаяць з такім жа хворым на адлегласці 1-1,5 метры. Але, трэба сказаць, усё ж на вуліцы, па-за памяшканнямі, заразіцца не так лёгка.

— Вернемся да інтэнсіўнага дыхання. Ці ёсць так, што пасля хуткай язды раварыст, які дыхае інтэнсіўна і зайшоў у памяшканне, дзе знаходзіцца (ці знаходзіўся) хворы, — мае больш шанцаў заразіцца (ці заразіць іншых, калі сам хворы), чым чалавек, які дыхае ў спакойным тэмпе? Ці варта нармалізоўваць тэмп дыхання перад тым, як зайсці ў патэнцыйна «небяспечнае» месца?

— Пры інтэнсіўным дыханні магчымасцяў заразіцца, вядома, болей. Таму варта нармалізоўваць дыханне пры ўваходзе ў патэнцыйна небяспечнае месца. Каб вы зразумелі, што такое небяспечнае памяшканне, я прывяду ў прыклад крытэры вызначэння таго, што такое блізкі кантакт з пацыентам, хворым на COVID-19, на прыкладзе авіяпералёта. Калі ў салоне самалёта знаходзіўся хворы, то пасажыры на суседніх двух крэслах у чатыры бакі лічацца асобамі, якія мелі блізкі кантакт (так званыя кантакты першага ўзроўню).Таксама важная працягласць кантакту — некалькі гадзін.

— Многія зараз карыстаюцца лесвіцай замест ліфта, каб пазбегнуць магчымага заражэння ад людзей, якія могуць ехаць побач, ці нават ад паветра ліфта, у якім мог нядаўна ехаць хворы чалавек. Ці маюць сэнс гэтыя перасцярогі? Пытаюся, бо раварысту, які выбіраецца з дому ці вяртаецца дамоў з роварам, не надта зручна выбіраць лесвіцу ў гэтай дылеме, і большасць усё адно паедзе на ліфце.

— Я не сустракаў навуковых даследванняў на тэму верагоднасці заражэння ў ліфтах. Можна толькі меркаваць, што верагоднасць заразіцца ў ліфце ёсць, але невысокая, бо там усё ж ёсць вентыляцыя, і кантакт з патэнцыйна хворым — нікчэмна кароткі. Але ў кожным разе ў ліфце варта быць у масцы. Не трэба забываць пра іншую небяспеку — калі хворы чыхнуў у ліфце і кроплі трапілі на кнопкі, да якіх потым дакрануўся іншы пасажыр, які пасля гэтага дакранаўся да свайго твару.

— А што скажаце пра шэрынг ровараў і электрасамакатаў? З аднаго боку — яны дазваляюць не ездзіць у грамадскім транспарце, а з іншага — карыстальнікі ўсё ж дакранаюцца рознымі часткамі цела ці адзення да паверхняў транспартнага сродка. Ці варта тут неяк засцерагацца?

— Мае сэнс праціраць ручкі стырна такога ровара ці электрасамаката антысептыкам. А калі антысептыка на такое шкада ці папросту няма, то можна пракаціцца, не дакранаючыся ні да твару, ні да мабільнага тэлефону, ні да якіх іншых сваіх рэчаў падчас язды, і затым апрацаваць рукі антысептыкам ці добра памыць іх. То бок трэба памятаць і выконваць менавіта такую паслядоўнасць дзеянняў.


— Якія яшчэ парады дасцё тым, хто катаецца на роварах, а таксама на іншых сродках персанальнай мабільнасці ў гэткі час?

— Вазіце з сабой ваду, бо падчас язды ў такую спякоту можна хутка згубіць вадкасць і страціць прытомнасць. Я заўважыў, што зараз вельмі шмат людзей селі на ровар у сувязі з эпідэміяй, у тым ліку тых, якія не ўмеюць добра катацца, не маюць вопыта. Дык вось — не забывайце браць з сабой ваду, тым больш, што яе не заўжды можна купіць прама на вуліцы. Таксама не забывайце пра галаўныя ўборы, якія абароняць вас ад сонечнага ўдару, сонечныя акуляры і адпаведную вопратку.

— А вось, дарэчы, ці сухасць у горле павышае рызыку пранікнення інфекцыі ў арганізм? Недзе я чытаў, што трэба болей піць, каб не заразіцца каранавірусам. Ці так гэта?

— Не, я мяркую, што сухасць у горле на гэта не ўплывае, гэта марныя трывогі. Болей піць вады не зашкодзіць, калі адваротнага вам не раіў ваш доктар.



Самые популярные

За неделю За месяц За год За все время