Малавядомая выява касцёла езуітаў: якім мог быць цэнтр Пінска

Яшчэ ў мінулым стагоддзі на цэнтральнай плошчы Пінска стаяў агромісты касцёл Святога Станіслава — частка комплексу былога кляштара езуітаў. У сярэдзіне XVII стагоддзя гэта быў найбуйнейшы каталіцкі храм усяго Вялікага княства Літоўскага. Яго крыжы ўздымаліся на вышыню сучаснага дзевяціпавярховага дома.

kostel.jpg

У 1953 годзе касцёл падарвалі. І цяпер галоўная плошча Пінска выглядае даволі пустой без архітэктурнай дамінанты.

pinsk1.jpg
Чырвоным вылучана месца, дзе стаяў касцёл. Фота: Алег Шумигай

20 гадоў таму мастацтвазнаўца Аляксей Хадыка, у картатэцы аддзела графікі Бібліятэкі Красінскіх (аддзел старадрукаў Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве) сярод гравюр, паштовак, малюнкаў беларускіх мясцін, храмаў, выяваў гістарычных і не вельмі персаналій знайшоў вобраз касцёла і калегіума езуітаў у Пінску, выкананы ў 1920–1930-я гады. Аўтарская нетыражная каляровая графіка, пэўна пастэль. Аўтар — Ян Скатніцкі.

skotnicki_2.jpg
Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. 1920-я (?). Графіка. Варшава, бібліятэка Красінскіх

«Недзе ў 2014-м, выпадкова ўбачыўшы ў «Фэйсбуку» ў групе «Древо литвинское» фотаздымак таго самага касцёла, зруйнаванага бальшавікамі ў 1953 годзе (калегіум езуітаў ацалеў, там зараз музей Палесся), я выклаў здымак таго самага аркуша. Далібог — аб’ект прыгожы і велічны, цудоўнае віленскае барока, як на фотаздымку, так і ў графіцы», — піша Аляксей Хадыка ў «Новым часе».

kostel1.jpg

Толькі ў графіцы прысутнічае яшчэ рамантычны свет і колер вечаровага захаду, раскінутыя ўнізе кампазіцыі сеткі, рыбны рынак…

Хто такі Ян Скатніцкі?

Класічныя манаграфіі па польскім мастацтве Тадэвуша Дабравольскага, як і шматтомнік Рамана Афтаназі пра шляхецкія рэзідэнцыі Рэчы Паспалітай адказу на гэта пытанне не даюць. Інтэрнэт аказваецца больш карысным: у польскай, і толькі ў польскай, вікіпедыі — невялікі артыкул, малы, як на доўгае жыццё пана Скатніцкага (1876–1968), ураджэнца Любліншчыны, Баброўнікаў, польска-беларускага памежжа.

skotniccy_1.jpg
Ян Скатніцкі з жонкай

«Наш герой выяўляецца зусім не простым артыстам (на што звяртаў увагу і сам па сабе якасны пінскі краявід). Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу — у самога Лявона Бакста, лідара «Мира Искусств» з Гародні. Затым Скатніцкага чакала Кракаўская акадэмія мастацтваў, і зноў выбітныя настаўнікі — яскравыя постаці польскага сімвалізму (Яцэк Мальчэўскі) і «Маладой Польшчы» (Юзаф Мехофер), — піша Аляксей Хадыка. — Але і гэта яшчэ не ўсё: затым быў пераезд у Парыж, заканчэнне мастацкай адукацыі ў Academie de la Grande Chaumiеre. І хаця гэта Акадэмія ўзнікла толькі ў 1902 годзе, у першай траціне ХХ стагоддзя яна з’яўлялася найбольш вядомай і папулярнай сярод парыжскіх мастацкіх школ. Сярод яе выкладчыкаў — знаёмыя беларусам імёны: Фернан Лежэ і скульптар з Віцебску Восіп Цадкін. Праўда, абодва гэтыя мастакі маладзейшыя за Скатніцкага».

Па вяртанні з Парыжу адбылася першая персанальная выстава мастака — у Towarzystwie Przyjaciol Sztuk Pieknych (Таварыстве сяброў мастацтваў) у Кракаве, сталіцы Малапольскага ваяводства. З гэтым ваяводствам звязанае жыццё Скатніцкага аж да 1917 года (у гэты час ён пастаянна жыве ў Закапанэ).

Праўда, наступныя тры (яны ж апошнія) персанальныя выставы мастака прайшлі па-за межамі Малапольшчы. У 1910 годзе ён экспанаваў свае працы ў Львове, а ў 1913-м і 1918-м — у знакамітым Towarzystwie Zachеty Sztuk Piеknych («Захэнце») у Варшаве.

plytagon.jpg
Плытагон. 1948. Палатно, алей. Музей Івашкевічаў у Ставіску

«Падчас Першай сусветнай вайны Скатніцкі служыў у ІІ Брыгадзе Легіёнаў, і пэўны час кіраваў у Закапанэ Камітэтам дапамогі грамадзянскім асобам. На гэтай пасадзе з ім здарыўся эпізод, дзякуючы якому Скатніцкі мог бы зрабіцца ў савецкія часы вельмі папулярнай асобай, — адзначае Аляксей Хадыка. — Яму асабіста давялося ўдзельнічаць у вызваленні з аўстрыйскага арышту затрыманага па падазрэнні ў шпіянажы на карысць Расіі ў малапольскім мястэчку Паранін нейкага таварыша Ульянава. 6 жніўня гэты падазроны тыпус, больш вядомы нам як таварыш Ленін, з дапамогай Скатніцкага пакінуў вязніцу. За што ўжо ў 1945 годзе савецкі амбасадар у Варшаве выказваў Скатніцкаму персанальную падзяку».

Так здарылася, што па набыцці Польшчай незалежнасці Скатніцкі аддаў перавагу не мастацтву, а грамадзянскай дзейнасці. У 1918 годзе быў абраны ў Дзяржаўную Раду Польскага каралеўства, а з 1922 па 1929 гады працаваў дырэктарам дэпартаменту культуры і мастацтва ў Міністэрстве рэлігій і грамадзянскай адукацыі ў Варшаве.

Верагодней за ўсё, мяркуе Аляксей Хадыка, краявід Пінска і паўстаў у перыяд з 1922 па 1929 гады, калі Скатніцкі па справах працы мусіў наведваць значныя для рэлігійнага жыцця краіны цэнтры. Пінск такім цэнтрам, безумоўна, з’яўляўся. Як з’яўляўся і цэнтрам эканамічным, дзе адбываліся буйныя камерцыйна-прамысловыя выставы, што мелі цікавае мастацкае афармленне, якое, дарэчы, дагэтуль слаба даследавана.

kollegium.jpg
Калегіум езуітаў ацалеў, там зараз музей Палесся

Па 1929 годзе Скатніцкі фактычна адышоў ад палітыкі, ды і ў мастацкім жыцці ўдзельнічаў мала. Адразу па Другой сусветнай вайне ён спрабаваў вярнуцца да дзяржаўнай працы ў Міністэрстве нацыянальнай адукацыі сацыялістычнай Польшчы, але выкрытыя звесткі пра яго працу ў «капіталістычным» урадзе 1920-х гадах вымусілі да звальнення.

З вядомым польскім гісторыкам мастацтва Анджэем Касакоўскім ён арганізаваў мастацкі гурток у Градзіску Мазавецкім, а апошнія гады жыў (і пахаваны) у размешчанай у 25 кіламетрах ад Варшавы Падкове Лешнай.

Тамсама жыў добра вядомы беларускім знаўцам культуры Станіслаў Лорэнц, рэстаўратар помнікаў Навагрудскага і Віленскага ваяводстваў (1929–1935) і прафесар гісторыі мастацтваў міжваеннага Віленскага ўніверсітэта. Будучы дырэктарам Варшаўскага Нацыянальнага музея (1936–1982), Лорэнц, разам з іншым жыхаром Падковы, шматгадовым старшынёй Саюза Польскіх пісьменнікаў Яраславам Івашкевічам, адразу па вызваленні Варшавы ратаваў яе рухомыя помнікі — творы мастацтва, кнігі.

«Дзякуючы знаёмству з гэтымі асобамі, карціны Скатніцкага трапілі ў Музей імя Ганны і Яраслава Івашкевічаў у Ставісках, былой сядзібе Івашкевічаў. І сёння работы Яна Скатніцкага можна спаткаць на мастацкіх аўкцыёнах, — адзначае мастацтвазнаўца. — І апошняя дэталь. Выпадкова ў размове з былой актывісткай навагрудскага турыстычнага руху Таццянай Царук, якая зараз жыве ў Варшаве, высветлілася, што пару дзясяткаў гадоў таму яна вазіла па Наваградчыне пані… Марыю Скаргонску-Скатніцку».

Больш за тое, пры касцёле Сэрца Ісуса ў Сталовічах (1910–1912), дзе захоўваецца цудатворная скульптура Божай Маці Ларэтанскай, ёсць пахаванне аднаго з фундатараў… Скатніцкага.

kostel2.jpg

Касцёл Сэрца Ісуса ў Сталовічах

Да таго ж сям’я візіцёркі мела сядзібу пад Клецкам. У якой сувязі гэтае адгалінаванне Скатніцкіх знаходзіцца з мастаком Янам Скатніцкім — трэба яшчэ высвятляць.

«А нам застаецца спадзявацца, што выява Пінскага касцёла езуітаў, зробленая напаўзабытым мастаком, стане цаглінкай у падмурак аднаўлення гэтага шэдэўра беларускай архітэктуры» — рэзюмуе Аляксей Хадыка.


Смотрите также

Статьи
Бескрайние болота и другой язык. В чем уникальность белорусского Полесья?

Полешуки и их жизнь своей неповторимостью уже давно притягивают

Статьи
65 лет назад в Пинске взорвали костел Святого Станислава

Храм располагался на нынешней площади Ленина рядом со зданием

Статьи
Во имя Святого Игнатия. Четырежды «самый» минский монастырь

31 июля во многих западных странах отмечается день памяти

Еще

Самые популярные

За неделю За месяц За год За все время