Мiнск-1812: Дзень вызвалення, або Што наблытаў Конан Дойл?

Автор: Цiна Турава

Калi б пасля 1812 года на нашай зямлi не было анiводнай вайны, верагодна, мінулыя выходныя адзначаліся б як свята – Дзень Незалежнасці, па аналогіі з Трэцім ліпеня. Чаму? 16 лістапада 1812 года Мінск быў вызвалены ад французскіх войскаў, а 17-га сюды вярнуўся збеглы губернатар. Але для Мінска, які за сваю шматвекавую гісторыю зведаў далёка не адзін захоп і вызваленне ад акупантаў, менавіта тыя, у 1812-м, сталіся бадай самымі спрэчнымi…

У Мінск французы увайшлі ўжо на трэці дзень вайны. Царскія ўлады не чакалі такога хуткага развіцця падзей, і таму раптоўная эвакуацыя праходзіла, як сведчаць гісторыкі, вельмі мітусліва. У агульнай неразбярысе вывезці атрымалася нямногае. Сам мінскі губернатар разам з пракурорам і казной накіраваўся ў Рэчыцу, абраную месцам часовага знаходжання губернскага кіраўніцтва.

«Все русское население Минска поспешно спасалось бегством, – чытаем пра гэтыя падзеі ў кнізе «Россия: полное географическое описание нашего отечества» (1905 г.). – Что же касается поляков, то они и не думали бежать из города и спокойно, с радостью ожидали французов, видя в них своих освободителей, и те учреждения, где преобладал польский элемент, никаких мер к отправлению из Минска не предпринимали, а, напротив, приготовились к торжественной встрече французов».

«Паляками», як можна здагадацца, аўтары называли ўсіх неправаслаўных жыхароў горада, якіх у Мінску ў 1812-м была абсалютная большасць.

Пасля ад’езду з горада рускіх уладаў мінчукі арганізавалі часовы савет для аховы складоў – дзякуючы гэтаму французы знайшлі тут 7500 пудоў мукі, 1500 пудоў пораху, шмат аўса і лазарэтнай маёмасці. Прадстаўнічая дэлегацыя ўрачыста сустракала хлебам-соллю французскі картэж на чале з маршалам Даву каля Ракаўскай заставы (у раёне сучаснай Юбілейнай плошчы).

rakov.jpg

Улица Раковская. Петропавловский собор. Реконструкция. Худ. В. Стащенюк.

Калі ж палкаводзец разам са сваім штабам прыбыў на плошчу Верхнягя рынку, гараджане перакрылі яму дарогу, усыпаючы яе кветкамі. Паўсюль раздаваліся радасныя воклічы «Няхай жыве Напалеон!», а на балконе ратушы граў гарадскі аркестр.

rynok.jpg

Верхний рынок в начале XIX века. Реконструкция. Худ. В. Стащенюк.

Мінчукі, як і жыхары многіх іншых беларускіх месцаў, звязвалі з арміяй Напалеона свае надзеі на адраджэнне Вялікага княста Літоўскага. 28 чэрвеня адбылася ўрачыстая імша ў Марыінскім касцёле з нагоды вызвалення Мінска ад расійскага панавання. Пасля гэтага маршал Даву, кватэра якому дасталася ў лепшым на той час будынку горада – губернатарскім палацы, правёў агляд войскаў.

davu.jpg

Маршал выступіў з прамовай:

«Мы знаходзiмся не ў краiне нашых ворагаў. Наадварот, мы сярод сяброў, сярод нашых сардэчных хаўруснiкаў. Але дысцыплiна нiкчэмная! Аднаму палкоўнiку, якi забыўся, я сарваў эпалеты, а iмператар зняў яго з пасады. Трыццаць кiрасiраў у гэтым прыязным горадзе, дзе ў мяне галоўная кватэра, дазволілі сабе рабаўніцтва сярод белага дня. Напрацягу адной гадзіны яны былі расстраляныя. Я клянуся, што прыму захады, каб пакараць кожнага, хто правініцца, нягледзячы на асобу, няхай і самую выдатную».

Сапраўды, усім французкім вайскоўцам быў забаронены гвалтоўны пастой у мінчукоў, таксама забаранялася запальваць вогнішчы на дварах, задворках і ў садах. Больш за тое, а дзявятай гадзіне вечара ўсе агні у кварталах і дамах, занятых напалеонаўскімі жаўнерамі, мусілі быць пагашанымі. Кожны салдат, які выйшаў на вуліцу не па службовай патрэбе, затрымліваўся патрулём і накіроўваўся ў турму.

Такая дысцыпліна была неабходная ў тым ліку таму, што паводле задумы Напалеона Мінск мусіў стаць цэнтральным складам правіянту, фуражу і амуніцыі для яго Вялікай арміі, а таксама – найбуйнейшым эвакуацыйным пунктам для хворых і параненых. Пад французскія лякарні ў горадзе занялі каля 500 пакояў у 47 будынках, сярод якіх Кацярынінская царква, мужчынская гімназія, прысутныя месцы, некалькі манастыроў, шмат прыватных дамоў.

monastyr.jpg

По центру - Церковь Святого Духа и униатский базилианский монастырь, справа - ратуша. Реконструкция. Худ. В. Стащенюк.

Але нешта, як кажуць, «пайшло не так» – i 16 лістапада дунайская армія адмірала Чычагава захапіла Мінск, пазбавіўшы Напалеона буйнога тылавога цэнтра… Гэтая гісторыя атрымала працяг праз 80 гадоў – у кнізе сэра Артура Конан Дойла «Прыгоды брыгадзіра Жэрара», прысвечанай напалеонаўскім войнам. Адно з апавяданняў, якое так і называецца – «Як брыгадзір пабываў у Мiнску», апісвае трагедыю, што напаткала французаў у нашым горадзе і, здаецца, стала алегорыяй ўсёй няўдалай кампаніі 1812 года. Мабыць, таму беларускі горад і беларусы былі надзелены аўтарам нейкай «рускасцю» (якой насамрэч яшчэ не магло з'явіцца хоць бы таму, што наш край да таго часу быў «рускім» менш за 20 гадоў). Але вялікі майстар дэтэктыва ў сваіх апісаннях відавочна не ўлічыў гэтага...

Дык вось, позняй восенню 1812 года армія Напалеона адыходзіла па Смаленскай дарозе ў бок Вільні. З кожным днём яе становішча рабілася ўсё больш безвыходным.

«З казакамі мы, хоць і мерзлыя да касцей, так-сяк спраўляліся, але змагацца з голадам аказалася нам не пад сілу. Трэба было здабыць правіянт любой цаной», – успамінаў кавалерыйскі афіцэр Эцьен Жэрар. Далей ён прыводзіў словы загаду, які даў яму маршал Нэй, стоячы ля разгорнутай карты: «Вось тут, на поўдзень ад нас, горад Мінск. Рускі перабежчык паведаміў, што ў гарадской ратушы захоўваюцца вялікія запасы збожжа. Бярыце людзей, колькі лічыце патрэбным, адпраўляйцеся ў Мінск, захапіце зерне, пагрузіце яго на фурманкi, якія знойдзеце ў горадзе, і далучайцеся да нас».

ratusha.jpg

Минская ратуша и площадь Верхнего рынка. Рисунок неизвестного художника.

Як і належыла герою, брыгадзір запэўніў свайго маршала, што «калі толькі гэта ў чалавечых сілах, збожжа з Мінску будзе дастаўлена». Для гэтага даручэння ён абраў эскадрон гусараў і трыццаць польскіх уланаў. У тую ж ноч яны рушылі ў шлях, і вось ужо на гарызонце паказаўся «вялікі горад, над якім у мностве зіхацелі купалы цэркваў. Мабыць, гэта і быў Мінск». Безумоўна, калі б Эцьен Жэрар быў рэальным, а не прыдуманым персанажам, ён не пабачыў бы ў горадзе тых часоў бліскучых купалоў – сілуэт цэнтра тады, як і цяпер, фармавалі барочныя вежы храмаў Верхняга горада. На подступах напалеонаўскія жаўнеры захапілі ў палон капітана гродзенскіх драгунаў Баракава, у якога была знойдзена запіска: «Няхай французы прыйдуць у Мінск. Мы гатовыя».

Ніхто з атрада не змог перавесці гэтае просценькае пасланне, таму па дапамогу звярнуліся да дачкі святара тутэйшай вёскі Сафі (напэўна, у рэчаіснасці яе звалі б Зосяй). «Тут сказана, – патлумачыла яна, – што калі французы прыйдуць у Мінск, то ўсё прапала». Праз некалькі хвілін людзі Жэрара былі ўжо каля ратушы.

«Божухна, ніколі не забудуся, што я там убачыў! Прама перад намі ў тры шэрагі стаялі рускія грэнадзёры. Калі мы ўвайшлі, яны ўзнялі стрэльбы і прама ў твары нам грымнуў залп. Удэн і Папілет упалі на падлогу, падкошаныя кулямі. З мяне ж куля збіла ківер. Грэнадзёры кінуліся на мяне са штыкамі. (...) Я выбег з ратушы, але плошча была запоўненая войскамі. З усіх бакавых вуліц на нас скакалі драгуны і казакі, а з дамоў адкрылі такую страляніну, што палова маіх людзей павалілася на зямлю».

Так брыгадзір Жэрар трапіў у палон. Большасць яго салдат ляжалі мёртвымі на галоўнай плошчы Мінска, а «жменьку ацалелых сагналі на ганак ратушы. Было ясна, што я завёў іх у мудрагелістую пастку». Далей Конан Дойл апавядае пра цудоўнае вызваленне брыгадзіра з палону, прычым дзякуючы ўсё той жа прыгажуні Сафі. Але, дапамагаючы Эцьену выбрацца, дзяўчына з-пад Мінска чамусьці пафасна прамаўляе: «Я руская, і для мяне самае важнае – абавязак перад радзімай»... Праз два дні брыгадзір Жэрар нагнаў сваю армію і «зноў апынуўся ў журботнай калоне, якая плялася па снезе, пакідаючы за сабой доўгі крывавы след».




Смотрите также

Статьи
Чем стала битва на Березине для белорусов?

26 ноября 2017 года на Брилевском поле под Борисовом воссоздали

Статьи
Як беларусы ў напалеонаўскім войску служылі

У 1812 годзе французскі імператар Напалеон пачаў вайну з царом

Статьи
Как Наполеон сражался за Глуск и проиграл

Эти события подробно описаны в исторической хронике Владимира

Статьи
Легендарные белорусские клады, которые еще предстоит найти

Наверное, каждый из нас читал в детстве «Остров сокровищ» и

Самые популярные

За неделю За месяц За год За все время