Гэта зараз мы бачым помнік яму так часта на ўваходзе ў Траецкае прадмесце, але гадоў 70 таму яго ведалі толькі там, дзе ён вандраваў у пошуках працы і прытулку. Мы адправіліся на Глыбоччыну, малую радзіму мастака, каб даведацца, якім там дагэтуль памятаюць Язэпа Драздовіча.
Драздовіч нарадзіўся ў 1888 годзе ў Дзісенскім павеце. У дзённіку мастак часта ўспамінае «яго Дзісеншчыну». Сёння тэрыторыю былога павета займае Глыбоцкі раён, часткова Шаркаўшчынскі, Міёрскі і Докшыцкі.
Сярод шматлікіх замалёвак Дзісеншчыны ёсць у Драздовіча і некалькі малюнкаў засценка Пунькі, дзе ён нарадзіўся.
Засценкам раней называлі паселішча накшталт хутара, якое здавалася ў арэнду дробнай шляхце. Да такіх збяднелых шляхцічаў належаў і бацька Драздовіча. Калі нарадзіўся Язэп, сям’я арэндавала Пунькі за 30 кіламетраў ад Глыбокага, побач з пасёлкам Падсвілле.
Сёння ад засценка, які намаляваў Драздовіч, нічога не засталося. Будынкі даўно разбураныя, месца здзічэла і зарасло. Толькі па старому дубу ды калодзежнай яме можна зразумець, дзе раней стаяла хата. Але ў суседняй вёсцы Падсвілле захоўваецца падцверджанне таго, што Драздовіч нарадзіўся менавіта ў гэтым месцы.
— Гэтую шыльду «Пунькі на Галубіцкай пушчы, нарадзіўся ў 1888 г. Язэп Нарцысавіч Драздовіч» мастак сам напісаў за некалькі гадоў да смерці і падараваў тагачаснаму ўладальніку засценка. Як ведаў, што яго творчасцю яшчэ зацікавяцца і пакідаў сляды — расказвае нам Таццяна Пасюк, спэцыяліст падсвільскага школьнага музея, прысвечанага Драздовічу.
Непасрэдна ў Пуньках Язэп пражыў толькі пару гадоў. Хлопчыку споўнілася два, калі памёр яго бацька. Маці засталася адна з шасцю дзецьмі. З гэтага часу і пачалося бясконцае вандраванне Драздовіча, бо сям’я не раз мяняла хаты ў ваколіцах Галубіцкай пушчы.
Драздовіч скончыў Віленскую школу малявання, жыў у Вільні, Навагрудку, Менску, але заўсёды вяртаўся на Дзісеншчыну. Працаваў недалёка ад вёскі Германавічы (Шаркаўшчынскі раён), дзе сёння таксама ёсць прысвечаны яму музей. Там стварыў народную бібліятэку, аматарскі тэатр.
У вёсцы Сталіца спрабаваў адкрыць беларускамоўную школу. У Глыбокім выкладаў маляванне, зараз Глыбоцкая мастацкая школа носіць яго імя. Пракрочыўшы тысячы кіламетраў, убачыўшы сотні гарадоў і мястэчак, у 1935 годзе, калі яму ўжо споўнілася 47 гадоў, ён у каторы раз вярнуўся на родную Дзісеншчыну.
Музей Драздовіча ў вёсцы Падсвілле распачаў працу ў пачатку 1990-ых гадоў. Збіраць звесткі было няцяжка: мастака ўсе ведалі. Ён стала жыў на Дзісеншчыне з 1930-х да самай смерці ў 1954-м. Гэта быў нялёгкі пэрыяд у жыцці Язэпа. Ён не мог знайсці працу, не меў дома, таму хадзіў ад вёскі да вёскі і прапаноўваў намаляваць карціны і дываны, часцей за ўсё за ежу і прытулак.
— Тут побач ёсць вёскі Ліпляны і Давыдкі, якраз каля Пунек. Зараз там ужо мала людзей засталося, а так усе жыхары Драздовіча ведалі. Да нас пенсіянеры часта заходзілі, расказвалі пра яго, — дзеліцца Таццяна Пасюк.
У школьным музеі Падсвілля захоўваюцца чатыры дываны і дзве карціны Драздовіча
А ўзгадвалі Драздовіча высокім, статным, з доўгай барадой. Ён сярод усіх выдзяляўся як сапраўдны шляхціч. Хадзіў з кіем, у вышытай кашулі, паліто ды з такой драўлянай збітай скрыняй для карцін ці торбай.
— Але гэта ўжо зараз гаворым пра яго з захапленнем. Пры жыцці яго ўсе лічылі дзіваком. Ён мог з ручайком паразмаўляць, стаяў падоўгу ды на дрэвы глядзеў, як быццам выглядаў што. Так і не ажаніўся, хоць тут жанчына адна расказвала, што заляцаўся да яе, — распавядае Мар’ян Місевіч, жыхар вёскі Падсвілле.
Мар’ян рос у Ліплянах. Яму было каля 6 гадоў, калі ён сустрэўся з Драздовічам. Мастак маляваў карціну ў суседнім доме і некалькі дзён там жыў.
— Нас Драздовічам часам нават пужалі, гаварылі, што прыйдзе і забярэ ў сваю торбу. Ён, відаць, як скончыў карціну для суседа, далей пайшоў і па дарозе нам у вакно пагрукаў. А мы з братам былі адны. Як убачылі ў вакне высокага барадатага мужчыну, закрычалі і схаваліся пад ложак, — смяецца Мар’ян.
Асноўным заробкам Драздовіча ў апошнія гады жыцця былі дываны, малюнкі на тканіне, якія вешалі на сцяну, звычайна каля ложка. Такія ўпрыгожванні сталі папулярнымі ў Віцебскай вобласці. Нават мода была, каб кожная нявеста мела ў пасаг хоць адзін дыванок.
Драздовіч значна больш любіў карціны, працу з дыванамі ён лічыў надакучлівай, хоць і займаўся ёй гадамі. У дзённіку ён піша пра дываны: «… Людзям даю. Хай набіраюцца густу да прыгожага. Хай узгадоўваюць у сабе пачуццё эстэтыкі. А для мяне пры маіх цяжкіх матэрыяльных варунках — анічога. Нават абуўя няма за што справіць».
Хаты беларусаў пры жыцці мастака выглядалі бедна, дываны заказвалі, каб іх трохі ўпрыгожыць. Але шмат плаціць за прыгажосць былі не гатовыя. У дзённіку мастак падводзіць падрахунак за вясну 1934 году:
« … Для Проньчыхі ў Галасуях 1 дыван — 4 злотых; для Ядзькі ў Лазовіках 1 дыван — за пяць аршын кужалю; для Эміліі Янцэвічанкі 1 дыван — за гасьцінства...»
У пасляваенны час Драздовіч жыў вельмі бедна. Пакутаваў ад голаду, холаду і хваробаў. У 1954 годзе, калі яму было 65 гадоў, беспрытомнага Язэпа падабралі на дарозе і адвезлі ў бальніцу ў Падсвілле, дзе ён і памёр. Яго пахавалі недалёка ад родных Пунек на могілках у Ліплянах.
Творчасьцю Язэпа Драздовіча актыўна зацікавіліся прыкладна праз 25 гадоў пасля яго смерці. Маладыя мінскія мастакі арганізавалі выстаўку яго твораў у 1979 годзе. Прафесійна напісаныя карціны, арыгінальнасць і касмічная тэма зацікавіла публіку.
Сярод арганізатараў выставы быў мастак Аляксей Марачкін. Ён адзін з тых, хто асабліва шмат зрабіў для захавання спадчыны Драздовіча, бо сам пайшоў па шляху мастака, стаў грукаць у хаты і шукаць працы дзядзькі Язэпа.
— Мясцовы лекар, які яшчэ ведаў Драздовіча, расказаў пра яго Марачкіну. Той зацікавіў мяне. Так усё жыццё гэтай тэмай і займаюся, — расказвае Ада Райчонак, стваральніца музея Драздовіча ў Германавічах, дзе зараз захоўваецца каля 30 карцін і дываноў мастака.
У 1982 годзе на магіле мастака нарэшце з’явіўся помнік. Грошы на яго сабралі мастакі з Мінска, якія потым цэлай дэлегацыяй прыехалі ў Ліпляны.
На той момант працы Драздовіча выцвілі, з’явіліся дываны з крамаў, і старыя карціны земляка згубілі актуальнасьць.
— Позна мы ўзяліся. Людзі каштоўнасці гэтых карцін і дываноў не разумелі. Насілі ў іх дровы, траву, падсцілалі пад ногі, — расказвае Ада Райчонак.
— У мужчыны аднаго вісела карціна, ён сказаў, купіце мне дыван які, каб пуста на сцяне не было і забірайце, — дзеліцца Таццяна Пасюк з падсвільскага музею. — А нядаўна жанчына паабяцала падарыць музею дыван. Ды ён жа стары, брудны, як такі аддаваць? Вырашыла памыць спачатку, амаль увесь малюнак і змыўся.
Мар’ян Місевіч таксама ўспомніў, як у дзяцінстве яго напужаў Драздовіч, і пайшоў у суседнюю хату, дзе мастак працаваў некалькі дзён, пытацца, ці захавалася карціна.
— Абшукалі ўвесь дом, так і не знайшлі. Не здагадаўся я запытацца, можа, на гары дзе валяецца. Але ўсё ж знайшоў у мясцовага настаўніка кавалак дывана, які Драздовіч маляваў для яго бацькоў, — расказвае Мар’ян.
Не злічыць, колькі людзей пасля зацікавілася складаным лёсам Язэпа Драздовіча і яго творчасцю. Многія яго знаёмыя з Дзісеншчыны напісалі артыкулы і ўспаміны, якія ўвайшлі ў вялізную кнігу Міхася Казлоўскага «Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак».
Мастак Эдуард Мацюшонак з Глыбокага стварыў выставу, прысвечаную Драздовічу. У Глыбокім дагэтуль робяць дываны-маляванкі. Святлана Скавырка, загадчык глыбоцкага Дома рамёстваў, ужо некалькі гадоў распісвае дываны.
— Такія дываны часцей пісалі мастакі-аматары, а Драздовіч меў адукацыю, быў прафесіяналам. Маляваць, як нашы прабабулі, якія вучыліся самі, у мяне ўжо, можа, і не атрымаецца, а творчасць Драздовіча мне зразумелая, таму я на яго раўняюся ў першую чаргу, — заўважае Святлана.
Для шэсцяў у Глыбокім стварылі нават сукенкі-маляванкі з сюжэтамі карцін дзядзькі Язэпа, атрымалася цікавая альтэрнатыва вышыванкам.
На малой радзіме Драздовіча прайшло ўжо 27 прысвечаных яму пленэраў, на якія збіраюцца мастакі з усёй Беларусі. А кожны кастрычнік, у дзень народзінаў Язэпа, да яго магілы з’язджаюцца яго землякі-прыхільнікі, якія потым збіраюцца разам на сядзібе Мар’яна Місевіча і абмяркоўваюць ідэі і планы, звязаныя з мастаком.
А ідэй, дарэчы, шмат. Мастак Мікола Купава, напрыклад, зьвярнуўся ў Міністэрства культуры з праектам па стварэнню сядзібы-музея Драздовіча ў Пуньках. Мар’ян Місевіч прапаноўвае закласці ліпавую алею ад Пунек да магілы мастака або стварыць маршрут «Драздовіч-Буйніцкі-Быкаў»
— Не так далёка ад Падсьвільля і Пунек вёска Празарокі, дзе нарадзіўся бацька беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі і створаны яго музей, а таксама вёска Бычкі з сядзібай-музеем, дзе нарадзіўся Васіль Быкаў. У такі маршрут можна ехаць і на ровары, і на машыне, — дзеліцца думкамі Мар’ян Місевіч.
У краязнаўчым музеі Глыбокага ёсць невялічкая экспазіцыя, прысвечаная Глыбокаму, і бюст мастака на Алеі землякоў. Прыкладна за 30 кіламетраў — Падсвілле з музеем, Пунькі і магіла мастака. Яшчэ далей — Германавічы з музеем, дзе зараз таксама распрацоўваюць невялікі маршрут да Сталіцы, дзе Драздовіч працаваў.
Месцаў і гісторый шмат, але аб’яжджаць іх дастаткова доўга, і цікавы, насычаны маршрут пакуль не атрымліваецца. Зараз да родных мясцін Драздовіча даязджаюць толькі вельмі апантаныя яго творчасцю турысты. Але з часам цікавасць да мастака-вандроўніка расце.
Статьи
Як варыянт – з Алеі славутых землякоў, што з'явілася ў 2012 годзе. Да ўшанавання выбітных ураджэнцаў Глыбоччыны тут –...
Статьи
Некоторые зарубежные искусствоведы, возможно, не помнят название столицы Беларуси, но без запинки назовут поселок...
Статьи
Задоўга да 12 красавіка 1961 года геніяльны беларус зямляк падарожнічаў па Сусвету і занатоўваў уражанні ў дзённіках,...
Статьи
В 1984 году Арсен Лис опубликовал замечательную книгу «Вечны вандроўнiк». В ней есть фраза «Збоку, з Траецкай гары, дзе...
14 августа. Кревская уния
В этот день в 1385 году была заключена Кревская уния.
Просмотров: 15674
Старинный город Смолевичи
Свое название Смолевичи получили от слова «смола»: с древности ее добывали и обрабатывали местные жители.
Просмотров: 8729
13 августа. Минск и чудотворная икона
В этот день в 1500 году чудотворный образ Минской Божией Матери приплыл в Минск по реке Свислочь и найден жителями на берегу неподалеку от замка.
Просмотров: 4635
12 августа. Первая женская гимназия
В этот день в 1899 году в Минске была основана первая женская гимназия.
Просмотров: 3964