Якія беларускія сляды будуць шукаць на Фэсце экскурсаводаў у Празе, Варшаве, Вільні і Львове

Автор: Юлія Барыла

Фэст экскурсаводаў у гэтым годзе ахопіць не толькі шматлікія гарады Беларусі. Ён пройдзе і за мяжой. Усяго запланавана 10 вандровак у розных гарадах.

Такое практыкавалі і ў мінулыя гады: ужо праходзілі адмысловыя экскурсіі ў Кракаве і Вільні. Але ў гэтым годзе «Фэстаўскае замежжа» небывала пашырылася — далучыліся беларусы, якія жывуць за мяжой, і нават адзін украінец, які ведае беларускую мову.

— Нехта далучыўся і сам, але першапачаткова я пісаў у розныя краіны ўсім, каго мог зацікавіць праект. Ідэю падтрымалі адсоткаў 30. Цікава, што хоць ніякіх патрабаванняў не было, усе вырашылі праводзіць экскурсію на беларуская мове, нават тыя, з кім спачатку перапісваліся на рускай. Тэму экскурсаводы прапаноўвалі самі, таму яны атрымаліся такімі разнастайнымі, — дзеліцца экскурсавод, каардынатар «Фэстаўскага замежжа» Андрэй Буча.

01.jpg

На экскурсіі чакаюць і турыстаў, але ў асноўным разлічваюць на мясцовых беларусаў. Большасць экскурсій запланавана на 22 красавіка. Мы распыталі экскурсаводаў, што ім цікава расказаць беларусам пра гарады, дзе яны зараз жывуць.

«Архітэктура сярэднявечнай і сучаснай Прагі»

02.jpg

Галіна Навумчык, экскурсавод, журналіст: 

— Я жыву ў Празе 16 год. Вельмі цікаўлюся гісторыяй і ўжо 5 год працую экскурсаводам. Экскурсія, якую я буду праводзіць 22 красавіка, зроблена адмыслова для фэста. Я раблю падобныя туры для індывідуальных турыстаў, але зараз разлік на групу беларусаў.

Беларуская тэма сярэднявечнай Прагі — гэта, найперш, рэнесанс. Мы будзем абмяркоўваць час, калі па праскіх вуліцах хадзіў Францішак Скарына. У горадзе і зараз ёсць дамы, якія бачыў, каля якіх праходзіў і, магчыма, дзе бываў беларускі першадрукар.

Увогуле, мая мэта — за 2 гадзіны навучыць бачыць і адрозніваць гістарычныя архітэктурныя стылі. Прага дае магчымасць рабіць гэта адразу на вуліцы, горад будзе своеасаблівым падручнікам.

Удзельнікі таксама атрымаюць заданні і кожны стане спецыялістам у адным архітэктурным стылі. Да таго ж будзе яшчэ шмат цікавай інфармацыі з гісторыі.

03.jpg

«Беларуская спадчына Варшавы»

04.jpg

Віктар Корбут, дактарант Варшаўскага ўніверсітэта, журналіст, экскурсавод:

— Калі я пераехаў у Варшаву, пачаў вывучаць яе гісторыю і шукаць месцы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю маіх землякоў — выхадцаў з Беларусі. Такіх месцаў сотні. З XIV стагоддзя, амаль з самага заснавання Варшавы, лёс гэтага горада звязаны з Беларуссю. З нашых зямель паходзілі жонкі многіх князёў, якія панавалі ў Варшаве. У канцы XVI стагоддзя Варшава стала сталіцай Рэчы Паспалітай, якая ўключала землі цяперашняй Беларусі. Арыстакратыя з нашых земляў узводзіла ў Варшаве свае палацы. Так з’явіліся рэзідэнцыі Радзівілаў, Тышкевічаў, Сапегаў.

У Варшаве XVIII стагоддзя Францішак Багамолец з-пад Віцебска быў вядомым драматургам, выкладчыкам польскай мовы. Юльян Урсын Нямцэвіч са Скокаў быў паплечнікам военачальніка Тадэвуша Касцюшкі, які родам з сучаснага Івацэвіцкага раёна. Апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі — ураджэнец Камянецкага раёна. Вялікі польскі паэт, ураджэнец Навагрудчыны Адам Міцкевіч у Варшаве не бываў, але помнік яму тут з’явіўся яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя.

00.jpg

Са старонак варшаўскіх часопісаў другой паловы XIX стагоддзя прыйшла ў польскую і сусветную літаратуру Эліза Ажэшка з Гродзеншчыны. Выхадзец з-пад Мінска Станіслаў Манюшка стаў дырэктарам варшаўскага опернага тэатра.

05.jpg

Беларус Яўфімій Карскі працаваў рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта. Ежы Гедройц з Мінска пасля пераезду ў Варшаву стаў адным з вядомых польскіх інтэлектуалаў ХХ стагоддзя. Мастак Фердынанд Рушчыц, які родам з Валожынскага раёна, пакінуў прыкметны след у культуры Варшавы пачатку ХХ стагоддзя.

Крыстына Крахэльска з сучаснага Ляхавіцкага раёна стала ў 1939 годзе прататыпам статуі «Сірэнкі» — увасаблення герба Варшавы на беразе Віслы.

06.jpg

Пасля 1944 года ў Варшаве жыў адзін з пачынальнікаў польскай мастацкай фатаграфіі, ураджэнец Навагрудчыны Ян Булгак.

Сёння ў Варшаве афіцыйная статыстыка налічвае паўтары тысячы беларусаў. Дзейнічае кафедра беларусазнаўства ў Варшаўскім універсітэце. Многія прадметы культуры, створаныя на беларускіх землях або звязаныя з творчасцю ураджэнцаў Беларусі, захоўваюцца ў музеях, бібліятэках, архівах Варшавы.

Запрашаю на экскурсію «Беларуская спадчына Варшавы» 22 красавіка, каб даведацца яшчэ шмат цікавых дэталей пра беларусаў у Варшаве.

07.jpg

«Вуліцамі старога Львова»

08.jpg

Андрэй Кусій, экскурсавод

— Я прыехаў у Беларусь у першы раз, здаецца, у 2013 годзе і выпадкова трапіў на Фэст экскурсаводаў. Мой сябар, напалову беларус, вывучаў беларускую, і я таксама падумаў, чаму б не вывучыць. За некалькі гадоў пачаў гаварыць, і ў гэтым годзе ўжо вырашыў паўдзельнічаць у фэсце ў ролі экскурсавода.

Экскурсія ў асноўным будзе праходзіць па цэнтру Львова, Старому гораду, паглядзім усе самыя вядомыя месцы і пазнаёмімся з сучаснымі цікавосткамі, напрыклад, з канцэптуальнымі рэстаранамі.

У львоўскай гісторыі, канешне, больш адчуваецца польскі ўплыў. Але і з Беларуссю нас шмат што звязвае. Так, абавязкова пабачым помнік друкару Івану Фёдараву, які нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, знойдзем дзве выявы «Пагоні», узгадаем і пра палац Сапегаў.

13.jpg

Я часта праводжу экскурсіі для беларусаў, але, на жаль, не так часта на беларускай мове, як хацелася б. На мой погляд, нашы мовы падобныя працэнтаў на 80. Нават тыя беларусы, что слухаюць экскурсію на роднай мове, не супраць часам перайсці на ўкраінскую.

09.jpg

«Жанчыны беларускай Вільні»

10.jpg

Юлія Батура, экскурсаводка 

— Я вучылася на праграме «Культурная спадчына» ў ЕГУ, і тэма «Беларускія жанчыны  Вільні» — гэта мой дыпломны праект, з якога з часам атрымалася і экскурсія. Мне здаецца гэта цікавым, бо экскурсіі па беларускіх слядах у Вільні існуюць, але жаночыя гісторыя ў іх, як правіла, мала раскрытая.

Экскурсія будзе праходзіць у цэнтры Вільні, і мы пабачым самыя прыгожыя месцы горада, але паглядзім на іх з другога боку: як яны звязаны з гісторыямі беларускіх жанчын, якія тут жылі і працавалі.

11.jpg

У цэнтры экскурсіі будзе беларуская паэтка і змагарка Цётка. Усе вывучалі яе вершы і чыталі апавяданні ў школе, але мала хто ведае, што значную частку жыцця яна правяла ў Вільні. Другая зорка экскурсіі — пісьменніца і даследчыца Зоська Верас. Увогуле Вільня цікавая тым, што яна была цэнтрам беларускіх жаночых рухаў, таму захапляльных гісторый тут вельмі шмат.

12.jpg

Я вырашыла паўдзельнічаць, бо мне здаецца, гэта добрая магчымасць заставацца ў тонусе ў сэнсе ведаў, да таго ж я больш працую з замежнікамі, якія не ведаюць ні беларускай, ні нават рускай, а хочацца быць у кантакце з беларусамі, нават знаходзячыся ў Вільні.



Смотрите также

Самые популярные

За неделю За месяц За год За все время