«Пахавайце мяне пад вярбой». Чалавек і яго краіна ў завяшчаннях XVI стагоддзя

Автор: Елена Верещагина

Ужо не адзін год беларускія гісторыкі вывучаюць старадаўнія тастаменты. Даследаванні праводзяцца на базе арыгінальных дакументаў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.

фото 1-1.jpgАгулам архіў змяшчае каля мільёна дакументаў, з якіх каля васьмі тысяч – актавыя судовыя кнігі перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. На сёння супрацоўнікі аддзела старажытных актаў апрацавалі каля васьмідзесяці з іх. У выніку быў прадстаўлены шэраг завяшчанняў, занатаваных у судах тагачасных Брэста, Віцебска, Мінска, Слоніма, Навагрудка і Магілёва. Яны пабачылі свет у выглядзе зборніка «Тастаменты шляхты і мяшчан другой паловы XVI ст.»

Трэба зазначыць, што гісторыя тастаментаў у ВКЛ пачынаецца прыкладна на сто гадоў раней – у XV стагоддзі. Некаторыя тэксты нават захаваліся, але існуюць пэўныя складанасці з іх даследаваннем, бо мова найбольш старажытных тастаментаў – лацінская.

Завяшчанні – гэта ўнікальная гістарычная крыніца, якая, акрамя інфарматыўнасці, захоўвае голас самога чалавека мінулага. Гэта надае гісторыі неабходны аб’ём, робячы яе, спрэс схематычную, жывой і спасцігальнай нават праз паўтысячагоддзя.

Якія партрэты беларускага грамадзяніна ВКЛ і ўласна краіны, у якой ён жыў, мы можам намаляваць з дапамогай тагачасных тастаментаў? Чым адметныя завяшчанні другой паловы XVI стагоддзя? Ці мажліва казаць пра асаблівую культуру напісання тастаментаў, якая панавала на нашых землях? І, калі так, ці захавалася яна? На гэтыя пытанні мы паспрабуем адказаць з дапамогай гісторыка-архівіста, даследчыцы беларускіх тастаментаў Вольгі Бабковай.

Прысвячэнне Богу, распараджэнні і санкцыі

Як выглядаў тастамент пяцьсот год таму? Ён меў строгую структуру і складаўся з трох частак, кожная з якой утрымлівала пэўныя раздзелы.

Завяшчанне пачыналася з пачатковага пратаколу, які змяшчаў інвакацыю, то бок прысвячэнне Богу, інтытуляцыю – імя тастатара, і нарацыю – гэта значыць апісанне абставінаў, пры якіх складаўся тэкст.

З тастамента Івана Фёдаравіча Бялеўскага, змешчанага ў зборніку «Тастаменты шляхты і мяшчан другой паловы XVI ст. » (тут і далей – адаптаваны пераклад са старабеларускай мовы):

«…У імя Божае станься, Амінь.

Я, Іван Фёдаравіч Бялеўскі, сведчу яўна гэтым маім тастаментам усім разам і кожнаму паасобку, каму пра гэта ведаць належыць. Бо я, будучы ад Пана Бога апанаваны вялікай і цяжкай хваробай, з якой не ведаю, ці жывы застануся, разумею выразна: што жывым нараджаецца, то памерці мусіць і да скону вызначанага імкліва набліжаецца».

Другая частка – гэта асноўны тэкст тастамента. Яна складалася з дыспазіцыі – уласна распараджэння, санкцый – пагрозы парушальнікам апошняй волі, і карабарацыі, то бок подпісамі тастатара і сведак.

Цікава, што санкцыі тычыліся толькі жыцця пасля смерці. Тастатар быў упэўнены сам і нагадваў іншым, што «там» мы ўсе заплацім па рахунках. Таму, калі хто задумаў парушыць апошнюю волю аўтара завяшчання, ён будзе адказаць нават не перад людзьмі, а непасрэдна перад «Панам Богам».

З тастамента Івана Нарковіча Падвінскага, змешчанага ў зборніку «Тастаменты шляхты і мяшчан другой паловы XVI ст.»:

«…Гэта пішу і сведчу ў добрай памяці маёй, сыходзячы з гэтага свету, дзеля таго, каб сын мой (…) і блізкія мае пасля маёй смерці тую зямля, маёнтак мой, у тых межах трымалі і ўжывалі, а з чужымі людзьмі праз межы тыя сварак ніколі не мелі… »

Трэцяя частка – канчатковы пратакол – утрымлівала запіс месца і даты напісання дакумента, а таксама пячаткі і подпісы сведак напрыканцы.

Веры годныя сведкі і абарона жонак

Як ужо было сказана, тастамент, а дакладней, яго копія, трапляў у судовую кнігу, куды таксама запісваліся дэкрэты, каралеўскія прывілеі і іншыя юрыдычныя дакументы. Арыгінальны тэкст заставаўся сваякам, якія бераглі яго пакаленнямі. Бо тастамент афармляўся «навечна», і, каб не трагічны лёс нашай зямлі, ён мог захаваць юрыдычную моц і па сёння.

фото 2-1.jpgШто, каму і як можна было завяшчаць, вызначалі статуты Вялікага Княства Літоўскага. Згадванне тастаментаў сустракаецца яшчэ ў першым – ад 1529 года – статуце. Два другія замацоўваюць правілы атрымання маёмасці ў спадчыну. Пачынаючы з 1566 года, пытанні наследавання рэгулююцца даволі дэталёва. Закон кажа, хто і чаму можа быць пазбаўлены спадчыны, як скласці акт апошняй волі на чужой зямлі альбо калі страціў зрок. Са статутаў мы даведваемся, што тастатар нічога не мог пакінуць свайму прыгоннаму, загадзя не зрабіўшы яго вольным.

Тастамент падпісвалі як мінімум тры сведкі, абавязкова падмацоўваючы дакумент пячаткамі. Сведка – «ні ў чым не падазроны, веры годны чалавек». Як правяраліся гэтыя якасці, зараз уявіць складана, але факт ёсць факт. І, зразумела, не мог сведчыць той, каго згадвалі ў тастаменце. Калі тастатар – шляхціч, сведка мусіў быць роўным яму, то бок з таго ж сацыяльнага класа.

Вольга Бабкова адзначае цікавую і кранальную асаблівасць беларускіх тастаментаў. Мужчыны-тастатары перадусім клапаціліся пра сваіх жонак. Разумеючы, што жанчына застаецца адна, муж спрабаваў як мага лепей абараніць яе хаця б вось гэтым апошнім дакументам.

Па словах эксперта, часам па судовых кнігах можна прасачыць, што адбывалася далей. У некаторых выпадках завяшчанне не стрымлівала сваякоў мужа, якія імкнуліся адабраць ва ўдавы маёмасць ці нават дзяцей. «Суды працавалі, але чалавечае ліха бывала некантраляваным», – кажа Вольга Бабкова.

Мінулае адбілася ў тастаментах, як у велізарным люстэрку. Тагачаснае грамадскае жыццё з усімі яго прававымі дасягненнямі і хібамі навідавоку ў старых пажоўклых дакументах. Увогуле акт апошняй волі распавядае пра яго ўкладальніка больш чым той, можа быць, хацеў бы. Мы дазнаемся пра ўзровень яго адукацыі, склад сям’і, уласную маёмасць. Індывідуальныя гісторыі складваюцца ў агульную гісторыю краю: у тастаментах ёсць звесткі пра войны, неўраджаі, тагачасны ўзровень медыцыны і шмат што яшчэ.

«Пахавайце мяне пад вярбой»

Нават фармальная структура завяшчання, якую мы разгледзелі, паведамляе пра выразную рэлігійнасць дакумента.

Увогуле тастамент – частка хрысціянскай цывілізацыі. І хаця завяшчанні вядомыя з антычных часоў, менавіта на мяжы Позняга Сярэднявечча і Новага часу гэты дакумент эвалюцыянаваў да ўзроўню літаратурнай ці нават філасофскай з’явы. Фармальную частку – уласна распараджэнні наконт маёмасці  – выціснулі на другі план развагі пра лёс, час, смерць і ўваскрэсенне ў іншым свеце. Сустракаючы смерць, чалавек спадзяецца пабачыць «там» «Пана Бога», які рассудзіць па справядлівасці. Але адначасова ён і баіцца нябеснага трыбунала. Верачы ў паўстанне з мёртвых, ён не хоча паміраць і параўноўвае смерць з ліхадзеем, які рабуе крохкае цела – наш дом – і вымае з яго маёмасць – душу.

Тастаменты захавалі тую шчырасць, разважлівасць, але і тугу, і надзею, з якімі беларус-хрысціянін апынаўся на парозе смерці.

Па дадзеных Вольгі Бабковай, паводле веравызнання складальнікі прадстаўленых у зборніку тастаментаў падзяляюцца так: пяцьдзясят пяць праваслаўных, дваццаць адзін каталік, тры пратэстанты, два мусульманіна і яшчэ трыццаць пяць чалавек, рэлігійная прыналежнасць якіх засталася нявызначанай.

Часта месца спачыну звязвалася з царквой, касцёлам ці манастыром. Але часам тастатары жадалі быць пахаванымі побач з продкамі, а таксама пад вярбой, пад грушай, на ўзгорку і нават ля дарогі. Відавочнае паганства пасярод, здавалася б, цалкам хрысціянскага светаўспрымання. Верагодна, гэта вынік нашага беларускага хрысціянска-паганскага сплаву, але не толькі. Уявіце жыццё свайго тагачаснага продка. Хутчэй за ўсе, ён не пакідаў роднага мястэчка аніразу. Лапік зямлі, на якім стаяў яго дом, быў усім сусветам, а вярба ля ганка – уся, да апошняга лісточка, вядомая –  у якісьці момант станавілася часткай яго самога. Задзіночанне з яе каранямі – натуральнае. І нават неабходнае.

Можа, гэтым зместам і поўніцца паняцце «тутэйшасць»?

Паэтыка санета

Большасць прадстаўленых тастаментаў (сто дзесяць са ста шаснаццаці) напісаны на старабеларускай мове.

фото 3-1.jpgБеларускія  дакументальныя помнікі тых часоў падзяляюцца на тры жанрава-стылёвыя разнавіднасці: канцылярска-юрыдычную, свецка-мастацкую і канфесійную. По словах Вольгі Бабковай, тастамент немагчыма аднесці да аднаго з іх, бо ён увабраў рысы ўсіх. Манашка Жарнавецкага кляштара Малгажата Баркоўска, якая даследавала тастаменты XVII-XVIII стагоддзя, увогуле назвала тэксты завяшчанняў асобным відам літаратуры, а паэтыку тастамента параўнала з паэтыкай санета.

Лексіка завяшчанняў вельмі багатая, а мастацка-выяўленчыя сродкі ўражваюць. Толькі паглядзіце. Тастатары параўноўваюць хваробу з ганцом смерці, называюць свет, які пакідаюць, аблудным, зменлівым, мізэрным, небяспечным. Жыццё паўстае ў тэкстах хуткаплыннай вадой у рацэ, кветкай, якая ўрэшце вяне. Цяжка хворы чалавек штогадзінна выглядае нябесных паслоў па сваю душу, з горкай іроніяй ён распавядае: «…Ужо так мяне фартуна мая з маладых гадоў пеставала, не даўшы мне кута ўласнага, дзе бы мог жыццё сваё скончыць».

«У асноўным гэта тэксты дробнай шляхты і мяшчан, то бок не эліты» – падкрэслівае Вольга Бабкова.

Калі параўноўваць шляхецкія і мяшчанскія завяшчанні, можна пабачыць пэўную розніцу. По словах эксперта, мяшчане дэманструюць практыцызм. У іх відавочна менш развіты праявы рэлігійнага пачуцця, выказванні больш аскетычныя, сціплыя. Там, дзе ў шляхты развагі пра жыццё і смерць, у мяшчан – часта ўказанні наконт няскончаных спраў.

Смерць – індыкатар характару цывілізацыі

Са сказанага вынікае, што на нашай зямлі панавала пэўная культура афармлення акта апошняй волі. Вольга Бабкова лічыць, што мы перанялі яе з Заходняй Еўропы. «Вось такі ўзровень хрысціянскай традыцыі і ўвогуле мыслення мы мелі раней, – кажа эксперт. – Але ён сышоў у нябыт».

Прынятая ў тыя часы форма тастамента пэўным чынам накіроўвала думкі нашых продкаў. Яны не проста дзялілі маёмасць. Яны спрабавалі неяк уладкаваць жыццё ў сваёй сям’і і сваёй краіне. Тастатары пісалі, што хочуць пазбавіць родных ад «нязгоды», «крыўды», «сварак», «злосці». Надзвычай важным лічылася пакінуць па сабе добрую памяць.

«Смерць – ёсць індыкатар характару цывілізацыі», – кажа Вольга Бабкова, цытуючы французскага гісторыка Філіпа Ар’еса. Грамадства можна назваць сталым, калі людзі сустракаюць смерць сур’ёзна і разважліва. Вядома ж, гэта адбіваецца на самой форме завяшчання. Зараз у яго структуру не закладзена нічога, апроч дзяльбы грошай.

І голас яго чуваць нават праз пяцьсот гадоў

Вывучэнне завяшчанняў працягваецца. Падчас працы над зборнікам «Тастаменты шляхты і мяшчан другой паловы XVI ст.» навукоўцы выявілі ў актавых кнігах гродзенскіх судоў больш за сто трыццаць дакументаў таго ж перыяду. Плануецца апублікаваць іх асобным томам. Таксама даследуюцца і больш познія тастаменты.

Навуковы патэнцыял гэтых дакументаў цяжка пераацаніць. Акрамя карысці для ўласна падзейнай гісторыі, завяшчанні – важная інфарматыўная крыніца для дыпламатыкі, рэлігіязнаўства, псіхалогіі, антрапалогіі ды іншых навук.

Увогуле не толькі адмыслоўцу, але кожнаму, хто цікавіцца гісторыяй і чалавекам, акты апошняй волі дапамогуць у яго пошуках. Не так і шмат у нас засталося старадаўніх дакументальных крыніц, у якіх чалавек размаўляе з намі сам. І голас яго чуваць нават праз пяцьсот гадоў.



Смотрите также

Статьи
Леонполь в эпоху Просвещения

Эпоха Просвещения – ключевое время в истории культуры Европы.

Статьи
Быт беларусаў у кнігах класікаў, альбо Творы, якія трэба прачытаць кожнаму беларусу

Як беларусы рыхтаваліся да святаў, што з’яўлялася на шляхецкіх

Статьи
Старыя могілкі. Спадчына, памяць, турызм

У беларускім гістарычным асяроддзі ёсць асаблівая плынь –

Статьи
Чырвонае на белым. Як апраналіся беларускі да XX стагоддзя?

Густы чырвоны колер, арнаментальны дэкор і далікатныя карункі,

Еще

Самые популярные

За неделю За месяц За год За все время